Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў, што 21 сакавіка яго арыштуюць, і заклікаў сваіх прыхільнікаў да пратэстаў


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што чакае таго, што ў аўторак 21 сакавіка будзе арыштаваны і заклікаў сваіх прыхільнікаў да пратэстаў.

Трамп, які вылучыў сваю кандыдатуру на выбары прэзыдэнта ў наступным годзе і ўжо пачаў кампанію, раніцай у суботу напісаў у акаўнце ў сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social: «Вядучы рэспубліканскі кандыдат і былы прэзыдэнт ЗША будзе ў аўторак на наступным тыдні арыштаваны».

Па словах Трампа, пра гэта сьведчаць уцечкі з акруговай пракуратуры Манхэтэна, зьвязаныя са «старымі і цалкам разьвянчанымі іншымі пракурорамі абвінавачваньнямі» — якімі менавіта, ён ня піша.

Як пішуць амэрыканскія СМІ і агенцтвы, гаворка, праўдападобна, ідзе аб справе порназоркі Стормі Дэніэлс, якой, як сьцьвярджаецца, былы адвакат Трампа Майкл Коэн заплаціў у 2016 годзе 130 тысяч даляраў за маўчаньне аб інтымных адносінах з Трампам. Як сьцьвярджае пракуратура, выдаткі потым былі кампэнсаваныя з выбарчага фонду Трампа — гэта незаконна. У сувязі з гэтым былога прэзыдэнта падазраюць у парушэньні правілаў фінансаваньня перадвыбарнай кампаніі. Коэн па гэтай справе раней атрымаў тры гады турмы. Цяпер ён сьведчыць супраць Трамп, сьцьвярджаючы, што менавіта ён, будучы кандыдатам у прэзыдэнты, распарадзіўся аб выплаце грошай.

Афіцыйных камэнтароў наконт магчымасьці арышту былога прэзыдэнта пракуратура Манхэтэна не давала. Прадстаўнік Трампа ў суботу паведаміў, што той не атрымліваў ніякіх фармальных дакумэнтаў ад пракуратуры. Аднак у апошні тыдзень многія амэрыканскія СМІ пісалі, што супраць Трампа сапраўды могуць вылучыць афіцыйныя абвінавачаньні. У гэтым выпадку яго даставяць у суд, пасьля чаго, верагодна, выпусьцяць пад заклад. У любым выпадку, гаворка будзе ісьці аб першым у гісторыі фармальным арышце былога прэзыдэнта ЗША.

Прыхільнікі Трампа, у тым ліку сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кевін Макарці, і ён сам лічаць справу палітычна матываванай, указваючы, у тым ліку, на прыналежнасьць пракурора Манхэтэна да Дэмакратычнай партыі.

Пры гэтым у дачыненьні да Трампа расьсьледуецца яшчэ некалькі крымінальных спраў, аднак ні па адной з іх абвінавачаньні пакуль афіцыйна прад’яўлены не былі.

AFP адзначае, што напярэдадні былі разблякаваныя заблякаваныя больш за два гады таму акаўнты Трампа ў сацсетках Youtube і Facebook. Акаўнт у твітары разблякавалі яшчэ раней. Экс-прэзыдэнт, аднак, аддае перавагу ўласнай сацсетцы, створанай пасьля блякіровак два гады таму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG