Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашмат больш разбуральна рабіць тое, што робяць судзьдзі і пракуроры». Дачка Касьцюговай пра жорсткі прысуд маці


Настасься Касьцюгова
Настасься Касьцюгова

17 сакавіка беларускую мэдыяэкспэртку і палітоляга Валерыю Касьцюгову асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня па «справе Tut.by». Яе дачка Настасься Касьцюгова пракамэнтавала «Нашай Ніве» прысуд і расказала пра настрой маці перад судом.

На думку Настасьсі, жорсткі прысуд яе маці — усяго толькі лічба, ніяк не зьвязаная з рэальнасьцю.

«Яны маглі назваць хоць 100 гадоў, хоць 150. Усё гэта — хутчэй сьведчаньне іх мізэрнай фантазіі і дрэннага ўяўленьня, а ня нейкай рэальнай будучыні.

Яны называюць вялікія тэрміны проста таму, што гэта ўсё, што ім засталося, каб неяк маральна ўзьдзейнічаць на людзей, прымушаць іх губляць веру і сэнс таго, што яны робяць.

У рэальнасьці, вядома, такіх вялікіх тэрмінаў ня будзе, ня будуць людзі сядзець па 10–20 гадоў. Гэта магчыма толькі тады, калі для нас усіх нармальна, што Лукашэнка будзе ва ўладзе наступныя 10–20 гадоў, а для нас усіх гэта відавочна ненармальна», — заявіла яна.

Вялікі тэрмін ня стаў для Настасьсі нечаканасьцю, тым больш што пракурор запытаў гэтыя 10 гадоў яшчэ тыдзень таму. Ва ўмовах адсутнасьці ў Беларусі незалежнай судовай улады, на думку Настасьсі, судзьдзя мусіў выканаць усё, што прапанаваў пракурор.

«Гэта ня тое, што мяне цяпер унутрана разбурае, бо тут няма ніякага маральнага канфлікту. Мама знаходзіцца ў турме, як і шматлікія сумленныя людзі, за сваю дзейнасьць, якую мы выбралі. Ні яна, ні я не выбіралі такую цану, але мы ў стане несьці адказнасьць за зроблены намі выбар.

Нашмат больш разбуральна рабіць тое, што цяпер робяць гэтыя судзьдзі і пракуроры, то бок дзейнічаць не ў адпаведнасьці з тым, у што ты на самай справе верыш, і ісьці супраць уласных маральных установак, а то і ўвогуле зь імі расставацца», — кажа Настасься.

Паводле яе, Валерыя Касьцюгова добра трымаецца ў зьняволеньні, пражывае гэты час з гумарам і гатоўнасьцю да ўсяго.

«Я перадала ёй, каб яна не ўспрымала ўсур’ёз гэтыя лічбы, а яна мне адказала: «Ты мяне яшчэ павучы, я і так гэта выдатна ведаю!»

Валерыя Касьцюгова мае добры настрой і ўсіх падбадзёрвае. Яна радуецца, што ў яе будзе хоць нейкая зьмена абстаноўкі: пасьля 1,5 года ў СІЗА ў даволі цесных умовах зараз яна будзе пераяжджаць у калёнію.

На год затрыманьня Настасься напісала маці, што вельмі злуецца, што ў іх забралі гэты год, а Валерыя Касьцюгова адказала:

«Я не лічу, што ў нас яго забралі, бо мы ніколі не былі з табой настолькі блізкія і не размаўлялі так, як у гэты год. Таму я лічу, што, наадварот, гэты год даў нам магчымасьць пазнаёміцца яшчэ бліжэй, чым мы былі знаёмыя раней», — сказала Настасься.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG