Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС паведаміла, што ГУБАЗіК штодня праводзіць да 20 ператрусаў у людзей з апазыцыйнымі поглядамі


Сілавікі. Архіўнае фота
Сілавікі. Архіўнае фота

Пад пільнай увагай міліцыі знаходзяцца ня толькі беларусы, якія ваююць ва Ўкраіне, але і іхныя сваякі і знаёмыя, паведаміла 17 сакавіка прэс-служба МУС.

Начальнік Галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС Аляксандар Купчэня паведаміў аб тым, што штодня супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС праводзяць да 20 ператрусаў — нібыта для праверкі радыкальных ячэек. Да затрыманьняў падключылі ўчастковых, адзначыў Купчэня.

«За апошні тыдзень да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі каля 100 чалавек, па выніках разбору ўчастковых інспэктараў заведзена больш за 20 крымінальных спраў на асоб, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці», — сказаў Аляксандар Купчэня.

Паводле зьвестак МУС, «сярод парушэньняў пераважае распаўсюд у інтэрнэце інфармацыі з прамымі заклікамі да экстрэмісцкай дзейнасьці або яе прапагандай». Адказваюць ня толькі аўтары такога кантэнту, але тыя, хто яго рэпосціць, нагадалі сілавікі.

Пасьля інцыдэнту ў Мачулішчах міліцыя і КДБ распачалі новую хвалю рэпрэсій. Пад вобшукі і затрыманьні трапілі сотні беларусаў. Сілавікі масава праводзяць «гутаркі» з усімі, каго падазраюць у неляяльнасьці.

Міліцыя «наведала» ўласьнікаў зброі, аматараў страйкболу, ролевых гульняў і гістарычных рэканструкцый. Адпаведныя ролікі зьявіліся ў тэлеграм-каналах, зьвязаных зь сілавікамі.

Таксама праўладныя тэлеграм-каналы далі справаздачу аб затрыманьні ў Салігорску дваіх аматараў страйкболу. «Задумвалі нешта супрацьпраўнае, мелі замежныя сувязі», — патлумачылі затрыманьне сілавікі.

Свабодзе стала вядома, што пад пільную ўвагу сілавікоў трапілі і ўдзельнікі грамадзкіх арганізацый, якія займаюцца пошукам і ўшанаваньнем памяці чырвонаармейцаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Некалькі дзён таму ў тэлеграм-каналах, зьвязаных зь сілавікамі, зьявілася відэа пра «адпрацоўку» ў Гомлі 30 чалавек. Іх праверылі «на прадмет садзейнічаньня экстрэмісцкім фармаваньням» і «выявілі сувязі з замежнымі ўдзельнікамі экстрэмісцкіх фармаваньняў». Дваццаць чалавек прыцягнулі да адказнасьці.

Свабодзе вядома, што абсалютную большасьць затрыманых асудзілі на 15 дзён арышту. У дачыненьні некаторых вырашаецца пытаньне пра крымінальную справу.

14 сакавіка стала вядома пра масавыя затрыманьні псыхолягаў і псыхатэрапэўтаў у Беларусі. Ёсьць інфармацыя, што затрымалі ня менш за 20 спэцыялістаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG