Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнт ЗША Клінтан асудзіў вырак Бяляцкаму


Плякат з партрэтамі палітвязьняў Валянціна Стэфановіча, Алеся бяляцкага і Ўладзя Лабковіча на мітынгу ў Вільні. 3 сакавіка 2023
Плякат з партрэтамі палітвязьняў Валянціна Стэфановіча, Алеся бяляцкага і Ўладзя Лабковіча на мітынгу ў Вільні. 3 сакавіка 2023

42-і прэзыдэнт ЗША (1993–2001) Біл Клінтан асудзіў вырак беларускаму праваабаронцу, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году Алесю Бяляцкаму.

«Я асуджаю гэты ганебны прысуд у дачыненьні да ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Гэта празрыстая, палітычна матываваная спроба задушыць пратэсты і здушыць правы чалавека і дэмакратыю», — напісаў Біл Клінтан у «Твітэры».

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала яму за гэта.

«Мы павінны працягваць выступаць у падтрымку праваабаронцаў і ўсіх астатніх, хто змагаецца супраць рэпрэсій беларускага рэжыму, якія працягваюцца», — напісала яна ў адказ Клінтану ў той жа сацсетцы.

Жонка экс-прэзыдэнта Гілары Клінтан у сьнежні 2011 году, зьяўляючыся на той момант Дзяржсакратаром ЗША, на сэсіі Рады міністраў АБСЭ падтрымала Бяляцкага, які знаходзіўся на той момант у турме.

3 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску абвясьцілі прысуд праваабаронцам «Вясны».. Судзьдзя Марына Запасьнік прысудзіла:

  • Алесю Бяляцкаму, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, — 10 гадоў калёніі;
  • Валянціну Стэфановічу, намесьніку Бяляцкага і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зьняволеньня;
  • Уладзімеру Лабковічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту, — 7 гадоў зьняволеньня;
  • Дзьмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна, — 8 гадоў зьняволеньня.

Іх прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Разгляд крымінальнай справы праходзіў судзе Ленінскага раёну Менску з 5 студзеня.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімір Лабковіч не прызналі сваёй віны цалкам.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2022 году за кратамі знаходзяцца 6 актывістаў «Вясны».

17 верасьня 2020 году затрымалі праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову. Яна за кратамі ад таго часу. Спачатку ёй выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці». Потым дадаліся абвінавачаньні ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці да ўлады» (ч. 3 арт. 130 КК) і «ўдзел у злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК).

  • 6 верасьня 2022 году Марфе Рабковай прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы

Таксама застаюцца зьняволенымі:

  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.
  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Падсумаваньне тыдня на Свабодзе – у адным суботнім лісьце! Усе эксклюзіўныя і важныя публікацыі за тыдзень – у нашай эмэйл-рассылцы: так вы ніколі не прапусьціце самае цікавае!

Дык падпісвайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG