Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гомельскім ІЧУ адмаўляюцца прымаць перадачы для затрыманых па «палітычных» артыкулах


Гомельскі ізалятар часовага ўтрыманьня, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Гомельскі ізалятар часовага ўтрыманьня, архіўнае ілюстрацыйнае фота

У ізалятары часовага ўтрыманьня ў Гомлі адмаўляюцца прымаць перадачы для затрыманых па «палітычных» артыкулах. Пра гэта Свабодзе паведамілі жыхары абласнога цэнтру, блізкія людзі якіх цяпер знаходзяцца ў ІЧУ.

«Нашы сваякі трапілі пад так званую „зачыстку“ на мінулым тыдні. Іх затрымалі наўпрост на працоўным месцы ў адной з арганізацый Гомля. Нам не патлумачылі ані прычын затрыманьня, ані па якім артыкуле і калі будзе суд. У суботу і нядзелю, 11 і 12 сакавіка мы спрабавалі перадаць у ізалятар самае неабходнае — туалетную паперу, сродкі гігіены, ваду. Але дзяжурны ІЧУ адмовіўся прымаць перадачу», — распавялі Свабодзе жыхары Гомля.

Яны ўдакладнілі, што дзяжурны спачатку праверыў прозьвішчы затрыманых, а потым адмовіўся прымаць рэчы.

«Хутчэй за ўсё, такое „правіла“ ўвялі для „палітычных“. Затрыманым за побытавыя правапарушэньні перадачы можна», — дадалі сваякі затрыманых.

З аналягічнай сытуацыяй сутыкнулася і маці вядомага актывіста Ільлі Міронава, які цяпер адбывае 13-сутачны арышт. «Насіла Ільлі перадачу — не прынялі. На мае пытаньні дзяжурны пачаў крычаць, што «ўсе пытаньні да прэзыдэнта!» — напісала Валянціна Міронава на старонцы ў Фэйсбуку.

Пасьля інцыдэнту на аэрадроме ў Мачулішчах Аляксандр Лукашэнка абяцаў правесьці «жэстачайшую зачыстку». Па ўсёй краіне прайшлі масавыя затрыманьні.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што органы «актывізавалі працу ў дачыненьні асобаў, датычных да экстрэмісцкіх фармаваньняў і тэрарыстычных арганізацый». У МУС сьцьвярджаюць, толькі за 9 сакавіка былі затрыманыя 60 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG