Мігранцкі крызіс працягваецца: на беларуска-латвійскай мяжы памёр афганец

Памежны слуп Латвіі. Ілюстрацыйнае фота
Памежны слуп Латвіі. Ілюстрацыйнае фота

Гэта сёмая сьмерць мігранта на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу з пачатку году.

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра сьмерць мігранта ў Верхнядзьвінскім раёне каля мяжы з Латвіяй.

9 сакавіка беларускія памежнікі знайшлі трох грамадзян Аўганістану. Адзін кепска сябе адчуваў. Памежнікі аказвалі яму дапамогу да прыбыцьця мэдыкаў, але ён сканаў.

Як патлумачылі астатнія двое — сын і пляменьнік загінулага — іх выправілі з тэрыторыі Латвіі ў Беларусь, — паведамляе СК.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, гэта сёмая сьмерць мігранта на мяжы Беларусі і краін Эўразьвязу з пачатку 2023 году. Папярэднія былі зафіксаваныя 9, 10 і 31 студзеня, 4, 10 і 19 лютага.

Латвія не пракамэнтавала паведамленьне беларускага боку.

Менск працягвае адмаўляць сваю віну ў арганізацыі масавага перакіданьня нелегалаў у ЭЗ.

​
XS
SM
MD
LG