Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 10 сакавіка: Затрымалі жыхара Бабруйску «за рэгістрацыю ў пляне „Перамога“»


Сілавікі. Архіўнае фота
Сілавікі. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

Затрымалі жыхара Бабруйску «за рэгістрацыю ў пляне „Перамога“»

Праваабаронцы «Вясны» са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне жыхара Бабруйску.

На «пакаяльным» відэа ён выглядае моцна пабітым.

На запісе мужчына кажа, што працуе ў бабруйскім Цэнтры культуры і нібыта ў 2022 годзе прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога».


Затрымалі фатографа Валерыя Юдзіна

Затрымалі яго на працы, паведамляе тэлеграм-канал @Grodno_grab. Прычына пакуль невядомая. Валерыя раней затрымлівалі ў красавіку 2021 года за бела-чырвона-белы сьцяжок у машыне. Тады яго аштрафавалі на 15 базавых велічынь (435 рублёў) за «адзіночны пікет».

Валеры Юдзін — фатограф-фрылянсэр, адзін са стваральнікаў часопісу «Твой горад Гродна». Да гэтага працаваў у прэс-службе УУС і пэнітэнцыярнай сыстэме. Захоўваў бел-чырвона-белы сьцяг, які да 1995 года вісеў на будынку аблвыканкаму.

У Горадні затрымалі сваякоў дзяўчыны, якая трэніравалася ў лягеры ByPol

Сілавікі затрымалі Паўла Якубеля і Ірыну Савашынскую, дзядзьку і цётку маладой жыхаркі Горадні Карыны Маліноўскай, якая зьехала ў Польшчу і прайшла там трэніроўку ў лягеры ByPol: сярод іншага, яна вучылася страляць і надаваць першую дапамогу, піша «Вясна».

Як заўважыла «Зеркало», пра гэтае затрыманьне паведаміў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў. Мужчыну абвінавацілі ў рэгістрацыі ў пляне «Перамога» і кантактах з пляменьніцай (у паведамленьні ён названы яе хросным бацькам), жанчыну — ва ўдзеле ў пратэстах.

Паводле вэрсіі сілавікоў, мужчына падтрымліваў з Карынай блізкую сувязь, знаходзіцца ў пратэставых горадзенскіх чатах, а таксама ня толькі зарэгістраваўся ў пляне «Перамога» (пра што ён гаворыць у «пакаяльным» відэа), але нібыта і быў яго ўдзельнікам: сьцьвярджаецца, што зь ім падтрымлівалі сувязь з-за мяжы, узгаднялі магчымае садзейнічаньне з жыльлём і транспартам.

Паведамляецца, што нядаўна затрымалі і цётку дзяўчыны, нібыта за «арганізацыю ці ўдзел у масавых беспарадках». Па словах Карыны, жанчыну затрымалі 23 лютага, цяпер яна ў горадзенскім ізалятары. Яе абвінавачваюць па крымінальным артыкуле, якім — сваякам ня кажуць.

Раней, у студзені 2022 году, затрымлівалі маці Карыны, яе аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» па арт. 19.11 КаАП.

Як пісала выданьне Most.media, 21-гадовая Карына Маліноўская пераехала з Горадні ў Польшчу ў 2021 годзе, адкрыла ў Беластоку тату-салён.

Сілавікі прыходзілі дадому да магіляўчанкі, якая зьехала з краіны з палітычных прычын

Магіляўчанка, якая зьехала зь Беларусі праз крымінальны перасьлед з палітычных матываў, расказала MAYDAY TEAM, што да яе дадому ў Магілёве прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Яе родным паказалі тэкст указу № 25 «Аб разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь па пытаньнях учыненьня імі правапарушэньняў», згодна зь якім беларусаў, якія пакінулі краіну праз палітычныя рэпрэсіі, «запрашаюць» вярнуцца ў Беларусь.

Таксама яны паведамілі, што пазьней прынясуць нейкае апавяшчэньне. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку ў гутарцы спрабавалі пераканаць сваякоў магіляўчанкі, якая зьехала, што яна можа вярнуцца, бо ў яе «станоўчая характарыстыка з працы», пажылыя бацькі, і што калі яна вернецца, то ёй «нічога ня будзе».

Яны актыўна прапаноўвалі падаць заяву ў адпаведную камісію, паведаміўшы, што «максымум па яе (крымінальнай. — РС) справе ёй пагражае толькі ўтрыманьне 15% з заработнай платы». Потым сілавікі сышлі, адзначыўшы, што прыйдуць яшчэ раз.

Сілавікі праводзяць ператрусы на лецішчах людзей, якіх раней затрымлівалі па палітычных матывах

Пасьля затрыманьня ў Бараўлянскім сельсавеце меркаванага «ўкраінскага тэрарыста», нібыта датычнага да дывэрсіі ў Мачулішчах, праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра актыўнасьць сілавікоў у іншых садовых таварыствах, паведамляе «Вясна».

Так, сёньня на станцыі Палонка (Баранавіцкі раён) была заўважаная актыўнасьць сілавікоў — на лецішчы прыяжджалі іх уладальнікі разам зь міліцыянтамі. Паведамляецца, што асаблівую цікавасьць у праваахоўнікаў выклікаюць людзі, якіх раней затрымлівалі па палітычных матывах — іх па надуманых прычынах просяць прыехаць да свайго дома, каб там правесьці ператрус.

Адзначым, што на станцыі «Палонка» з пачатку вайны неаднаразова былі заўважаны расейскія войскі і тэхніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG