Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбух у Мачулішчах і зьнявагі Лукашэнкі на адрас Зяленскага — адкрыцьцё «беларускага фронту»? Аналіз экспэртаў


А-50 і Аляксандар Лукашэнка, каляж
А-50 і Аляксандар Лукашэнка, каляж

Аляксандар Лукашэнка сёньня прызнаў дывэрсію супраць расейскага самалёта А-50 у Мачулішчах і абвінаваціў у ёй украінскія спэцслужбы.

Якія наступствы могуць мець гэтыя абвінавачваньні для беларуска-ўкраінскіх адносінаў? Ці ўступіць Беларусь у вайну сваім войскам? Што азначаюць сёньняшнія заявы Лукашэнкі для ўнутранай палітыкі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч і ўкраінскі палітоляг Яўген Магда.

Аляксандар Лукашэнка падчас уручэньня дзяржаўных узнагарод 7 сакавіка ўпершыню пракамэнтаваў інцыдэнт з расейскім самалётам у Мачулішчах, пра які стала вядома 26 лютага 2023 году.

Як піша прэсавая служба Лукашэнкі, ён паведаміў, што ў Беларусі нібыта затрымалі «тэрарыста ўкраінскіх спэцслужбаў і ягоных паплечнікаў», адказных за інцыдэнт.

Лукашэнка пасьля тыдня маўчаньня прызнаў факт дывэрсіі і расказаў пра характар пашкоджаньняў расейскага самалёта.

Акрамя таго, Лукашэнка абазваў Зяленскага «гнідай» і сказаў сілавікам, што «нельга расслабляцца». Ён таксама заявіў, што распарадзіўся правесьці па ўсёй краіне жорсткую зачыстку.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч

  • Лукашэнка сказаў, што выклік з боку Ўкраіны кінуты, але дадаў, што Захаду ня ўдасца ўцягнуць Беларусь у вайну.
  • Сёньняшняя рыторыка Лукашэнкі адрынае ўсю гульню ў справе вяртаньня «зьбеглых».
  • Рэпрэсіі ўзмацняюцца, пашыраюцца іх маштабы.
  • Раней Лукашэнка казаў, што калі здарыцца напад, то будзе «страшнейшы» адказ. Ну, вось напад ёсьць. А што ў выніку? Сказана толькі, што «нас ня ўцягнуць у вайну».
  • Ці паляцяць ізноў ракеты зь Беларусі ва Ўкраіну — гэта залежыць не ад Лукашэнкі, а ад палітычнага кіраўніцтва Расеі.
  • Але наўрад ці гэта будзе помстай за гэты самалёт.
  • Дывэрсія ў Мачулішчах разбурае канцэпт беларускай стабільнасьці.
  • Грубасьць на адрас Зяленскага — гэта кампэнсацыя няўдзелу беларускага войска ў вайне.

Магда

  • Гэта гістэрыка асобы, якая не зьяўляецца прэзыдэнтам Беларусі.
  • Кіеву пасьля дэмаршу Лукашэнкі варта было б адклікаць зь Менску амбасадара Ігара Кізіма для кансультацыяў на няпэўны тэрмін.
  • Без дэмакратычнай Беларусі ня будзе бясьпечнай Эўропы. Гэта не азначае кантактаў выключна зь Ціханоўскай.
  • Калі б я трапіў у рукі беларускіх спэцслужбаў, я б прызнаў усё што заўгодна.
  • Украіна будзе спрабаваць зьнізіць напружанасьць у стасунках, будзе рэакцыя асобаў нізкага ўзроўню.
  • Цяпер Украіна ўзрушаная відэа забойства ўкраінскага салдата. На гэтым тле можна нават прызнаць, што гэты дывэрсант — наш афіцэр і што мы будзем дамагацца яго абмену.
  • Але афіцыйнай рэакцыі спэцслужбаў ня будзе, яны ніколі не прызнаюць такія апэрацыі і прыналежнасьць да сябе іхных выканаўцаў.
  • Лукашэнку з Кіева паведамілі, што будзе, калі ракетныя атакі зь Беларусі адновяцца. Ва Ўкраіне лічаць, што ўдары па пускавых устаноўках такіх ракет адпавядаюць міжнароднаму праву.
  • Адносіны Лукашэнкі і Пуціна надта добрымі ніколі не былі. Але я думаю, што яго аргумэнтацыя была такая, што беларускае войска павінна выконваць функцыю пудзіла для Ўкраіны.
  • Я мяркую, што беларускае войска ў ролі муляжу і цяпер адпавядае мэтам і плянам Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG