Кіраўнікі МЗС краін «Групы 20» (G-20) не змаглі «ўзгадніць» пазыцыі па вайне Расеі супраць Украіны, таму сумесная дэклярацыя па канфлікце не была зацьверджаная.
Як і чакалася, поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну дамінавала ў дыскусіях на сустрэчы ў Дэлі. Найбуйнейшыя эканомікі сьвету спрабавалі абмежаваць наступствы вайны.
Нягледзячы на тое, што саміт уключаў у сябе нечаканую кароткую сустрэчу паміж дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам і кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым, міністар замежных спраў Індыі Субрахманьям Джайшанкар заявіў, што ў сувязі з вайной Расеі ва Ўкраіне існуюць «рознагалосьсі, якія мы ня можам пераадолець».
Блінкен, які апынуўся ў адным пакоі са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым упершыню за восем месяцаў, сказаў, што сустрэча была азмрочана несправакаванай і неапраўданай вайной Расеі супраць Украіны, яе наўмыснай кампаніяй па зьнішчэньні цывільных аб’ектаў і яе атакай на падставовыя прынцыпы Статуту ААН.
Чакалася, што на сустрэчы G20 Блінкен і Лаўроў ня будуць весьці асабістыя перамовы, але яны размаўлялі ў кулюарах мерапрыемства каля 10 хвілін, сказаў высокапастаўлены чыноўнік ЗША.
Па словах чыноўніка, Блінкен сказаў Лаўрову тры рэчы: што ЗША будуць падтрымліваць Украіну ў вайне столькі, колькі неабходна, каб спыніць вайну, што Расея павінна адмяніць сваё рашэньне прыпыніць удзел у ядзернай дамове з ЗША і што Масква павінна вызваліць затрыманага амэрыканца Пола Ўілана.
Расейскія інфармацыйныя агенцтвы пацьвердзілі, што Блінкен і Лаўроў размаўлялі, але ўдакладнілі, што зрабілі яны гэта «на хаду». Многія лідэры G20 асьцерагаюцца, што Кітай можа вырашыць паставіць Расеі зброю для яе вайны супраць Украіны, і спадзяюцца пераканаць Пэкін устрымацца.