Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго Лукашэнка хоча ад Кітаю


Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін, 1 сакавіка 2023 году, Пэкін
Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін, 1 сакавіка 2023 году, Пэкін

Калі ацэньваць практычныя вынікі візыту Лукашэнкі ў Кітай, то грандыёзных прарываў ён ня даў. А што афіцыйная прапаганда падае яго як велізарны посьпех, дык такая ў яе праца.

Сьцісла:

  • Пратэст 2020 году паставіў беларуска-кітайскія адносіны на паўзу.
  • Эканамічная цікавасьць Кітаю да Беларусі моцна зьнізілася.
  • Ня лепшыя часы перажывае індустрыяльны парк «Вялікі камень».
  • Цяперашні візыт Лукашэнкі ў Кітай павінен быў стаць чыньнікам прарыву міжнароднай ізаляцыі Беларусі.
  • Другая задача — атрымаць ад Кітаю дапамогу ў пераадоленьні санкцыйнага рэжыму з боку Захаду.

Гэта 13-ты візыт Лукашэнкі ў Кітай. У сярэднім выходзіць раз на два гады. Праўда, быў вялікі чатырохгадовы перапынак. Апошні візыт адбыўся ў 2019 годзе. Потым быў ковід і падзеі 2020 году.

Можна сказаць, што выбух народнага пратэсту паставіў беларуска-кітайскія адносіны на паўзу. Пэкін, зыходзячы з сваёй палітычнай філязофіі, не сьпяшаўся, чакаў, чым скончыцца палітычны крызіс у Беларусі. І толькі цяпер, калі пераканаўся, што Лукашэнка ўладу ўтрымаў, запрасіў яго наведаць кітайскую сталіцу.

Можна сказаць, што пасьля 2020 году беларуска-кітайскія адносіны разьвіваліся ў дзьвюх паралельных плашчынях. Палітычныя дачыненьні засталіся на ранейшым высокім узроўні. Кітай падтрымаў беларускі рэжым, Сі Цзіньпін першым павіншаваў Лукашэнку зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах. Пэкін абараняў афіцыйны Менск на ўсіх міжнародных пляцоўках, асуджаў Захад за «ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі». Бо палітыка лукашэнкаўскага рэжыму ўпісваецца ў геапалітычны канфлікт Кітаю з Захадам.

А вось што тычыцца эканамічных адносін, асабліва кітайскіх інвэстыцый, то тут цікавасьць Кітаю да Беларусі моцна зьнізілася. У зьвязку з канфліктам Беларусі з ЭЗ, асабліва з суседнімі краінамі (Польшчай, Літвой), транзытнае значэньне беларускай тэрыторыі зьменшылася.

Таксама перажывае ня лепшыя часы індустрыяльны парк «Вялікі камень» — знакавы аб’ект беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Для кампаній Кітаю эканамічны сэнс гэтага афшора палягае ў тым, каб прадаваць прадукцыю, вырабленую ў гэтым парку ва ўмовах ільготнага падатковага рэжыму, у краіны Эўразьвязу. Дзеля гэтага патрэбныя добрыя адносіны паміж Беларусьсю і ЭЗ. А якія яны сёньня, ня варта нагадваць. У студзені гэтага году кіраўнік індустрыяльнага парку Аляксандар Ярашэнка заявіў, што «выдаткі на парк не акупіліся».

Цяперашні візыт Лукашэнкі ў Кітай, па вялікім рахунку, пакліканы быў вырашыць дзьве задачы. Па-першае, гэта прарыў міжнароднай ізаляцыі. Бо візыты ў Менск расейскіх губэрнатараў, ці прэзыдэнта фактычна непрызнанай Абхазіі, як і паездка Лукашэнкі ў Зымбабвэ — яскравы паказьнік таго, у якім стане цяпер вонкавая палітыка Беларусі. А візыт у адну зь дзьвюх найбуйнейшых дзяржаў сьвету — гэта зусім іншае. То бок паездка ў Кітай мае важнае сымбалічнае, прэстыжнае значэньне для Лукашэнкі.

Другая задача — атрымаць ад Кітаю дапамогу ў пераадоленьні санкцыйнага ціску з боку Захаду. КНР можа кампэнсаваць страты, якія нясе беларуская эканоміка ад абмежаваньняў, уведзеных ЭЗ і ЗША.

Паводле статыстыкі кітайскага боку, у 2022 годзе экспарт Беларусі ў Кітай вырас на 65%, прычым экспарт харчаваньня павялічыўся на 52%. То бок гандаль з Кітаем (як і з Расеяй) у значнай ступені кампэнсаваў беларускія страты ад рэзкага скарачэньня эканамічных адносін з ЭЗ і Ўкраінай. Менск вельмі разьлічвае на працяг гэтай тэндэнцыі.

Іншы момант. Кіраўніцтва Беларусі разьлічвае, што кітайскія тэхналёгіі могуць замяніць заходнія, якія краіна страціла ў выніку санкцый. Гэта тычыцца розных галін эканомікі, але асаблівае значэньне мае сфэра ВПК.

Важна зазначыць, што хоць першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў і заявіў, што сукупны эканамічны эфэкт ад дамоўленасьцяў, дасягнутых у ходзе візыту, ацэньваецца больш як у $3,5 млрд, аднак на тле мінулых падобных самітаў гэта выглядае сьціпла. Дзеля параўнаньня: у 2009 годзе Кітай адкрыў для Беларусі крэдытную лінію на $15 млрд. Ці, напрыклад, падчас візыту ў Менск старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў 2015 годзе быў выдзелены кітайскі крэдыт у абʼёме $7 млрд. А той жа Мікалай Снапкоў, які ў той час займаў пасаду намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, ацаніў партфэль дамоўленасьцяў у $18 млрд даляраў. А яшчэ ж трэба ўлічваць, што за гэты час даляр патаньнеў.

Так што, калі ацэньваць практычныя вынікі, то грандыёзных прарываў гэты візыт Лукашэнкі ня даў. А што афіцыйная прапаганда падае яго як велізарны посьпех, дык такая ў яе праца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG