Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Беларусі да расейска-ўкраінскай мяжы выправіўся трэці за тыдзень эшалён з расейскай вайсковай тэхнікай


Расейскія вайсковыя эшалёны ў Беларусі. Архіўнае фота
Расейскія вайсковыя эшалёны ў Беларусі. Архіўнае фота

Тысячы расейскіх салдат, якія ідуць на вайну супраць Украіны, навучаюцца на беларускіх палігонах.

27 лютага са станцыі Палонка (Баранавіцкае аддзяленьне Беларускай чыгункі) на станцыю Гукава (Паўночна-Каўкаская чыгунка Расеі) і далей на акупаваную Расеяй станцыю Чырвоная Магіла (Дэбальцаўскае аддзяленьне, Данецкая чыгунка Ўкраіны) накіраваўся воінскі эшалён з тэхнікай і навучаным у Беларусі ваеным саставам РФ, паведаміў тэлеграм-канал Live. Сообщество железнодорожников Беларуси.

Гэта трэці эшалён, які адправіўся зь Беларусі ў Расею за апошнія дні. 25 лютага на станцыю Мацьвееў Курган зь Беларусі адправілі эшалён з 51 вагона.

А 26 лютага эшалён з расейскай вайсковай тэхнікай і навучанымі ў Беларусі вайскоўцамі адправіўся з Слоніма на станцыю Няклінаўка ў Растоўскай вобласьці Расеі, паведамляе тэлеграм-канал @belzhd_live. Эшалён нумар 964 складаецца з 46 вагонаў: 5 пасажырскіх, крытыя вагоны і вагоны-плятформы з колавай і гусенічнай тэхнікай.

Дапамога ўладаў Беларусі ў расейскай вайне супраць Украіны

Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». Гэтым тэрмінам расейскае, а ўсьлед за ім і беларускае кіраўніцтва называюць поўнамаштабную вайну супраць Украіны, якую Расея пачала 24 лютага 2022 году. Разам з тым Лукашэнка часам называе разьвязаны Расеяй канфлікт вайной.

Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.

Таксама ёсьць сьведчаньні, што Беларусь дапамагае Расеі зброяй: танкі і іншую бранятэхніку разам з боепрыпасамі актыўна вывозяць у Расею, хоць Мінабароны Беларусі сьцьвярджае, што тэхніку вывозяць на мадэрнізацыю.

У верасьні 2022 году беларускія ўлады абвясьцілі, што ў краіне створаць сумесную з Расеяй групоўку войскаў, з прычыны «неабходнасьці супрацьстаяць агрэсіўным намерам NATO і забясьпечваць абараназдольнасьць». Неўзабаве пасьля гэтага ў Беларусь пачалі прыбываць эшалёны з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай, пераважна тэнтаванымі «КамАЗамі» для перавозкі салдат.

Паводле беларускага Міністэрства абароны, групоўка ўключае ў сябе да 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а таксама да 170 танкаў, да 200 браняваных машын, да 100 гармат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG