Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС: у Гомлі затрымалі 200 чалавек, зь іх 183 — непаўналетнія, іх паставяць на ўлік


Збор падлеткаў у ГЦ «Сакрэт» 28 лютага ў Гомлі скончыўся масавымі затрыманьнямі. Пра гэта спачатку паведамілі мясцовыя СМІ, а потым і сілавікі.

Прэс-служба МУС Беларусі заявіла пра спыненьне «несанкцыянаванай масавай акцыі». Паводле ведамства, затрымалі 200 чалавек, 183 зь іх — непаўналетнія.

Раней у тэлеграм-канале, блізкім да сілавікоў, заяўлялі, што ў Цэнтральны РАУС Гомля даставілі каля 50 чалавек, большасьць — падлеткі 13–18 гадоў, яны нібыта прыйшлі паглядзець, «ці будзе нейкая бойка».

«У Гомлі па закліках, апублікаваных у сацсетках і мэсэнджарах, каля гандлёва-забаўляльнага цэнтру „Сакрэт“ сабраліся прыхільнікі так званага ПВК „Родан“. Субкультура ПВК „Родан“ узьнікла ў якасьці перайманьня японскай мультыплікацыі Hunter x Hunter пра злачынную групоўку „Генэй Родан“ і адзначаецца магчымым удзелам яе прыхільнікаў у масавых бойках у гандлёвых цэнтрах», — патлумачылі ў прэс-службе МУС Беларусі.

У ведамстве заявілі, што затрыманьні праходзілі «без ужываньня фізычнай сілы». Мясцовае выданьне «Флагшток» пісала, што міліцыя біла затрыманых гумовымі дручкамі.

Цяпер у дачыненьні да затрыманых праводзяць праверкі. Падлеткі да 16 гадоў атрымаюць папярэджаньні з пастаноўкай на ўлік у інспэкцыю па справах непаўналетніх. Старэйшым за 16 гадоў дадаткова пагражае адміністрацыйная адказнасьць. МУС шукае датычных да арганізацыі акцыі і разглядае пытаньне аб завядзеньні крымінальнай справы.

Пра «ПВК Родан»

«ПВК Родан» не зьвязаная з прыватнымі вайсковымі кампаніямі. Гэта нефармальнае аб’яднаньне, названае ў гонар злачыннай арганізацыі «Генэй Родан» з мангі (японскія коміксы, па якіх здымаюць анімэ) Hunter X Hunter («Паляўнічы Х Паляўнічы»). «ПВК Родан» складаецца ў асноўным з падлеткаў і выступае «як супраць каляфутбольных фанатаў, так і ўраджэнцаў Каўказу і мігрантаў». Падлеткі, якія адносяць сябе да руху, як правіла, носяць доўгія валасы і чорныя талстоўкі з малюнкам павука і лічбай 4 на ім.

Раней у Расеі адбылося некалькі масавых боек з удзелам «ПВК Родан» у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Курску, Новасібірску і Казані. Толькі ў Маскве за выходныя затрымалі больш за 350 падлеткаў, якіх лічаць датычнымі да «ПВК Родан». Затрыманьні прайшлі і ва Ўкраіне (Кіеве, Харкаве і іншых гарадах).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG