Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы патлумачылі, пры якіх умовах закрыюць мяжу зь Беларусьсю


Памежны пункт "Баброўнікі" на польска-беларускай мяжы
Памежны пункт "Баброўнікі" на польска-беларускай мяжы

Польшча прыме «неабходныя рашэньні», калі гэта будзе «апраўдана і неабходна», заявіў прэсавы сакратар польскага міністра — каардынатара спэцслужбаў Станіслаў Жарын, камэнтуючы магчымасьць закрыцьця Польшчай мяжы зь Беларусьсю.

«Я не хачу вырашаць гэтае пытаньне, — зазначыў Жарын у інтэрвію Polskie Radio 24. — Рашэньне запатрабуе аналізу розных фактараў і наступстваў, але неабходныя рашэньні будуць прынятыя. Урад мае намер прымаць цяжкія рашэньні, калі ўмовы не дапускаюць іншых варыянтаў».

Прадстаўнік кабінэту зазначыў, што РФ даўно здольная «прымушаць і выкарыстоўваць беларускія структуры ў сваіх мэтах».

«Відавочна, што пры прыняцьці найбольш важных рашэньняў Крэмль аказвае ўплыў на дзеяньні Менску, — заявіў прадстаўнік польскіх спэцслужбаў. — Гэта прывяло да міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларусьсю, што адпавядае інтарэсам Расеі. Паводзіны беларускіх уладаў — неад’емная частка дзеяньняў Расеі супраць Польшчы».

23 лютага сьпікер МЗС Польшчы Лукаш Ясіна паведаміў, што Польшча вышле беларускага вайсковага аташэ «найбліжэйшым часам».

З 21 лютага Польшча абмежавала рух беларускіх грузавікоў на памежным пераходзе Кукурыкі — Казловічы.

Абмежаваньне не распаўсюджваецца на пасажырскія перавозкі праз пераход Цярэспаль (з беларускага боку — Берасьце).

МУС Польшчы адзначае, што рух грузавога аўтатранспарту будзе прыпынены «да таго часу, пакуль беларускія ўлады не здымуць абмежаваньні для польскіх перавозчыкаў».

Раней Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла пункт пропуску Баброўнікі. На такі крок Варшава пайшла пасьля таго, як журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута прыгаварылі да 8 гадоў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG