Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі мастак на антываеннай выставе ў Нямеччыне: «Гэта наша вайна»


Калядная зорка з надпісам «#Мір для Украіны» вісіць паміж штучнымі кветкамі перад пасольствам Расеі ў Бэрліне. Нямеччына, 7 студзеня 2023
Калядная зорка з надпісам «#Мір для Украіны» вісіць паміж штучнымі кветкамі перад пасольствам Расеі ў Бэрліне. Нямеччына, 7 студзеня 2023

Беларускі мастак Андрэй Дурэйка зь Дзюсэльдорфу разам з калегам Томасам Нoйманам ў каапэрацыі з Antiwarcoalition.art, плятформай, заснаванай беларускімі і ўкраінскімі дзеячамі культуры, у гадавіну пачатку вайны адкрыў у Нямеччыне антываенную выставу.

Назва выставы «Nicht Unser Krieg» перакладаецца як «Ня наша вайна». Закрэсьленае Nicht («не») — гэта рэакцыя на графіці і плякаты ў Нямеччыне. Арганізатары прапаноўваюць пераасэнсаваць вайну ва Ўкраіне як «нашу» на прыкладзе экалягічных праблем, паставак газу і прадуктаў харчаваньня і ня толькі.

Выданьне Reform.by пагутарыла з суарганізатарам дзюсэльдорфскай выставы Андрэем Дурэйкам і падрабязьней распытала пра яе кантэкст і характар.

Андрэй расказаў, што што лёзунг «Ня наша вайна» з закрэсьленым «не» — гэта рэакцыя пэўных слаёў грамадзтва на вайну ва Ўкраіне, якія думаюць, што яна не зьяўляецца вайной іхных краін. Пры гэтым з нагоды гадавіны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, па словах мастака, у Нямеччыне адбываецца шмат акцый, дэманстрацыі, малебны, выставы, канцэрты ў падтрымку Ўкраіны.

«Наша выстава — яшчэ адзін жэст, каб паказаць, што мы ня стомленыя і будзем змагацца далей. Таму што гэтая вайна стала для Эўропы цывілізацыйнай», — зазначыў Андрэй Дурэйка.

Лёзунг пра «ня нашу вайну» у ФРН сустракаецца, але не дамінуе, адзначае мастак.

«Для Нямеччыны ўвогуле характэрныя традыцыі пацыфізму, асабліва для старэйшага пакаленьня, у людзей, якія нарадзіліся адразу пасьля вайны. Увесь гэты год мы назіраем праявы гэтага пацыфізму. Для немцаў пасылаць некуды танкі падчас вайны доўгі час было немагчыма, уваходзіць у вайну — непрымальна. Аднак усе ўжо разумеюць, што сёньняшняя вайна аб’яўлена ўсёй эўрапейскай цывілізацыі.

Некаторыя мае сябры з Украіны таксама былі пацыфістамі, аднак цяпер, пасьля бамбаваньняў, прыйшло разуменьне, што інакш немагчыма захаваць украінскія жыцьці, як змагацца, працягваць вайну і перамагчы.

Зразумела, што на такія настроі ў Нямеччыне ўплывае ня толькі гуманітарны, а і эканамічны крызіс. Кожны сёньня адчувае наступствы ваенных дзеяньняў», — расказаў Андрэй Дурэйка.

Выстава «Nicht Unser Krieg» адбываецца ў прасторы WELTKUNSTZIMMER, што перакладаецца як «сусьветны пакой мастацтва».

«Гэта былая фабрыка, хлебапякарня. А цяпер незалежны арт-цэнтар, у якім, акрамя выставаў, адбываецца шмат разнастайных праграмаў, фэстываляў, канцэртаў, працуюць мастацкія рэзыдэнцыі. Гэтае атмасфэрнае месца захавала частку постындустрыяльнай трэшавай структуры. Наша выстава акурат будзе ладзіцца ў такой прасторы, якую выбралі таму, што найбольш адпавядае характару вайны, перадае атмасфэру зруйнаваньня».

Структура выставы — каля 20 відэапраектаў, паказаных Antiwarcoalition.art. У астатняй частцы адбудзецца аўкцыён работ звыш 70 мастакоў зь Дзюсэльдорфу. Яны ахвяравалі свае кнігі з аўтографамі, музыку і творы ў памеры ад 20 да 400 эўра. Атрыманыя ад продажу сродкі будуць перададзеныя ва ўкраінскі фонд Ukrainian Emergency Art Fund, расказаў мастак.

«Мы не плянуем рабіць з выставы прамую палітычную акцыю альбо ператвараць яе ў мітынг. Мы прэзэнтуем мастацкае выказваньне, і праз гэтае выказваньне прагучыць і тэма салідарнасьці з Украінай, і праявіцца крытычны погляд на сучасную сытуацыю».

Выстава будзе працаваць да 5 сакавіка ў арт-прасторы Weltkunstzimmer: Ronsdorfer Str., 77a. Düsseldorf.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG