Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: жыхара Маларыты асудзілі за камэнтар пра Лукашэнку; плястычнаму хірургу Аляксею Дужаму дадалі суткі за кратамі

61-гадовы Леанід Уласюк больш за 2 месяцы да суда правёў пад вартай. Дома пры ператрусе па справе ў яго забралі бела-чырвона-белы сьцяг.

Мужчыну вінавацілі па артыкуле 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі за публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі. Абразай палічылі напісаны 22 красавіка камэнтар пад відэа з выступам Лукашэнкі. Тое паведамленьне ўтрымлівала нецэнзурную лексыку, адзначаюць праваабаронцы.

За гэты надпіс пракурор Фёдар Міховіч запатрабаваў для Леаніда Ўласюка 1 год калёніі. Судзьдзя Вольга Сьмірнова 13 лютага вынесла менавіта такі прысуд,, паведамляе «Вясна | Брэст».

Акрамя таго, тэлефон Леаніда Ўласюка канфіскуюць у даход дзяржавы (як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства»).

Плястычнаму хірургу Аляксею Дужаму дадалі суткі за кратамі


Плястычнага хірурга Аляксея Дужага затрымалі на мінулым тыдні. Паводле інфармацыі суполкі дактароў «Белыя халаты», ён не выйшаў на свабоду пасьля 15-сутачнага арышту, бо яму дадалі яшчэ 12 сутак. Ён на Акрэсьціна, адваката да доктара па-ранейшаму не дапускаюць.

У абодвух выпадках доктару інкрымінавалі арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), паведамляюць праваабаронцы.

Хірурга затрымалі ў клініцы на працоўным месцы. Раней Аляксея затрымлівалі ў 2020 годзе.

XS
SM
MD
LG