Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве тэмы: вайна і санкцыі. Навошта кіраўнік МЗС Вугоршчыны прыехаў у Менск


Пэтэр Сіярта прыбыў зь візытам у Менск, 13 лютага 2023
Пэтэр Сіярта прыбыў зь візытам у Менск, 13 лютага 2023

У Менск прыляцеў міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта. Найбольш відавочная мэта візыту — даведацца, што Лукашэнка можа прапанаваць Эўразьвязу ў сэнсе зьніжэньня ваеннай напружанасьці ў рэгіёне.

Сьцісла

  • Візыт кіраўніка МЗС Вугоршчыны ў Менск — пэўная дэманстрацыя Будапэштам Эўразьвязу асаблівасьцяў сваіх падыходаў да Расеі і Беларусі.
  • Гэтыя асаблівасьці — адценьні, акцэнты, а не палітыка, адрозная ад супольнай палітыкі ЭЗ.
  • Візыт Пэтэра Сіярта ў Менск — зусім ня першы кантакт заходніх палітыкаў і дыпляматаў зь нелегітымным беларускім рэжымам.
  • Мэта візыту — даведацца, што можа Лукашэнка прапанаваць Эўразьвязу ў сэнсе зьніжэньня ваеннай напружанасьці ў рэгіёне.
  • У выпадку посьпеху візыту гэта будзе посьпех ЭЗ, у выпадку няўдачы — асабістае фіяска вугорскага міністра.
  • Асаблівую актуальнасьць візыту надае дыскусія пра новыя санкцыі адносна Беларусі, якая цяпер адбываецца ў ЭЗ.


* * *

Некаторыя зьвязваюць гэты візыт з асаблівай пазыцыяй Будапэшту, з тым, што ўрад Віктара Орбана прытрымліваецца самых лагодных падыходаў да Расеі з усіх урадаў дзяржаваў ЭЗ.

Але варта адзначыць, што гэта насамрэч — адценьні, акцэнты, а не кардынальна іншая пазыцыя, адрозная ад супольнай пазыцыі Зьвязу.

Палітычныя ацэнкі, скажам, вайны Расеі з Украінай, санкцыі адносна Расеі і Беларусі ЭЗ прымае кансэнсусам. Гэта значыць, іх падтрымлівае і Вугоршчына.


На тое, што ў Менск паехаў кіраўнік МЗС Вугоршчыны (а ня, скажам, Партугаліі і тым больш ня Польшчы ці Літвы), безумоўна паўплывалі прыгаданыя акцэнты і адценьні пазыцыі Будапэшту. Гэты візыт, апроч іншага, і дэманстрацыя Вугоршчынай іншым чальцам Зьвязу і кіраўніцтву ЭЗ асобнай пазыцыі краіны. Але, магчыма, ня толькі.

Цяперашні кантакт заходняга палітыка зь дзейнымі беларускімі ўладамі беспрэцэдэнтным не назавеш. Так, ёсьць агульная пазыцыя ЭЗ і ЗША, якія не прызнаюць легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі. Але яшчэ ў 2020 годзе яму ў такой якасьці тэлефанаваў дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо. У 2021 годзе яму двойчы тэлефанавала тагачасная канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. У 2022 годзе, праз пару дзён пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны, зь ім вёў тэлефонную гутарку прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль неаднаразова кантактаваў з папярэднікам цяпершняга міністра замежных спраў Беларусі Сяргея АлейнікаУладзімерам Макеем — і пасьля 2020 году.

Так што не выпадае казаць, што спадар Сіярта сваім візытам у Менск парушыў нейкую супольную непахісную пазыцыю.

Ну дык а ў чым жа мэта візыту? Прамацаць глебу, паслухаць, што Лукашэнка і яго паплечнікі могуць прапанаваць Эўразьвязу. Прычым галоўная тэма — гэта пытаньні бясьпекі, пытаньні вайны і міру.

«Відавочна, што шмат хто будзе нападаць на візыт, але наша пазыцыя адназначная: каналы сувязі павінны быць адкрытыя. Калі б мы ня дзейнічалі такім чынам, я ня змог бы нават сёньня перадаць пасланьне закліку да міру» — заявіў вугорскі міністар па прыезьдзе ў Менск.

У перакладзе з дыпляматычнай мовы на звычайную гэта азначае: даведацца, што Менск можа прапанаваць у рэчышчы зьніжэньня ваеннай напружанасьці. У практычным пляне — як мінімум непаглыбленьне ангажаванасьці Беларусі ў вайну Расеі, а ў ідэале — зьніжэньне ўзроўню гэтай ангажаванасьці.

Калі прапановы будуць цікавыя і зьмястоўныя, безумоўна, ім аддадуць належную ўвагу ня толькі шэф спадара Сіярта прэм'ер Орбан, але і кіраўніцтва ЭЗ. Уласна з Вугоршчынай у Беларусі няма ніякіх праблемаў у сфэры бясьпекі, з Эўразьвязам — ёсьць. І вугорскі міністар прыехаў пацікавіцца, ці ёсьць шляхі іх вырашэньня.

Ну, а калі спадар Алейнік і іншыя менскія суразмоўцы вугорскага госьця нічога зьмястоўнага яму не прапануюць, то ў Менск жа прыяжджаў не кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Бурэль, не міністар Нямеччыны, Францыі ці Італіі.

Калі бясплённай акажацца паездка кіраўніка МЗС Вугоршчыны — гэта будзе ягоным асабістым фіяска, а не фіяска ўсяго Эўразьвязу ці яго «грандаў».

Асаблівую актуальнасьць візыту вугорскага міністра надае тое, што ён адбываецца ў разгар дыскусіяў у ЭЗ, якія новыя санкцыі ўводзіць адносна Беларусі, а якія, можа, і аслабіць.

Санкцыі — гэта інструмэнт уплыву на паводзіны дзяржаваў, на якія яны скіраваныя. Пэтэр Сіярта прыехаў удакладніць, як могуць зьмяніцца гэтыя паводзіны пры розных сцэнарах санкцыйнай палітыкі.

Можна прыгадаць гістарычны прэцэдэнт. У 2011 годзе, менш як праз год пасьля разгрому Плошчы-2010, Менск раптоўна наведаў міністар замежных спраў Баўгарыі Мікалай Младэнаў.

Тады галоўнай тэмай у стасунках паміж Менскам і ЭЗ былі палітвязьні, цяпер — вайна. Але сэнс візыту Младэнава быў такі самы, як і цяперашняга візыту ягонага вугорскага калегі — высьветліць, што можа прапанаваць Менск.

Пасьля таго візыту кіраўніка МЗС Баўгарыі былі нават спробы ўвасобіць у нейкае пагадненьне вынікі перамоваў у Менску. Плёну гэта ня мела. Але праз 4 гады палітвязьні былі вызваленыя і пачалася нармалізацыя адносін паміж Беларусьсю і ЭЗ.

І гэта таксама было вынікам дыпляматычных высілкаў, перамоваў, пачатак якім паклаў міністар Младэнаў.

Цяперашнія праблемы ў адносінах паміж Беларусьсю і ЭЗ — больш вострыя і небясьпечныя, чым тады. Нельга сказаць, што візыт міністра Сіярта мае вялікія шанцы на посьпех. Але ў выпадку яго няўдачы ніхто нічога асабліва ня страціць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG