Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета на вайсковыя зборы выклікаюць і тых, хто не служыў


Беларускія вайскоўцы
Беларускія вайскоўцы

Пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі яе чытачы. Гэта незвычайная асаблівасьць плянавых вайсковых збораў у 2023 годзе.

Позвы ўжо пачалі прыходзіць. Некалькі чытачоў «Нашай Нівы» напісалі ў рэдакцыю, што яны атрымалі позвы, хоць ніколі не служылі ў войску, не вучыліся на вайсковых катэдрах і ня маюць ніякіх вайсковых спэцыяльнасьцяў і проста не хадзілі ў войска дзякуючы адтэрміноўкам.

Вайсковы камісар Клецкага раёна Юры Пігулеўскі ў камэнтары для раённай газэты «Да новых перамог» пацьвердзіў, што асноўная катэгорыя вайсковаабавязаных, якую цяпер забіраюць на зборы — тыя, хто раней ніколі да войска не меў ніякага дачыненьня.

«У першую чаргу імкнёмся прызываць вайсковаабавязаных, якія стаяць на вайсковым уліку, але якія не праходзілі раней тэрміновую службу ў арміі. Згодна з законам Рэспублікі Беларусь „Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе“, ёсьць пералік падстаў, якія даюць права на адтэрміноўку. Напрыклад, малады чалавек, які ня мае бацькоў, быў залічаны ў запас без праходжаньня тэрміновай вайсковай службы або службы ў рэзэрве. Цяпер ён падлягае прызыву на вайсковыя зборы, і гэта нармальная зьява.

Я лічу, што кожны з нас абавязаны хоць аднойчы ў жыцьці адчуць сябе салдатам, і ўжо тым больш, калі ён да 27 гадоў сілай абставінаў не служыў. Дарэчы, тыя, хто не служыў раней, прымуць вайсковую прысягу, што вельмі адказна для мужчыны, ужо як на абаронцу ня толькі сваёй сям’і, але і Айчыны».

У Беларусі штогод праводзяцца плянавыя вайсковыя зборы, іх удзельнікаў у простамоўі называюць «партызанамі». Падчас збораў мужчыны ўзнаўляюць веды па вайсковых спэцыяльнасьцях.

Часьцей за ўсё на зборы трапляюць тыя, хто адслужыў тэрміновую службу ці скончыў вайсковыя катэдры.

Раней начальнік упраўленьня галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня Генштабу Аляксандр Шальпук казаў, што ў 2023 годзе на вайсковыя зборы плянуецца прызваць 9 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG