Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжым Лукашэнкі трэба прыцягнуць за адказнасьці як за ўнутраныя рэпрэсіі, гэтак і за саўдзел у вайне, — прадстаўнік ЗША ў АБСЭ


Прадстаўнік Злучаных Штатаў пры АБСЭ Майкл Карпэнтэр.
Прадстаўнік Злучаных Штатаў пры АБСЭ Майкл Карпэнтэр.

ЗША лічаць вельмі важным прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у ваенных злачынствах на ўсіх узроўнях, заявіў падчас брыфінгу 10 лютага сталы прадстаўнік Злучаных Штатаў пры Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) Майкл Карпэнтэр.

Паводле Карпэнтэра, важна прыцягнуць да адказнасьці тых прадстаўнікоў рэжыму ў Беларусі, якія дапамагалі Расеі ў арганізацыі агрэсіўнай вайны супраць Украіны. «Але таксама важна задакумэнтаваць тыя рэпрэсіі, якія адбываюцца ўнутры Беларусі, бо ў беларускіх турмах цяпер пакутуюць каля 1500 палітычных вязьняў у выніку брутальнай тактыкі рэжыму Лукашэнкі».

«Злучаныя Штаты будуць працягваць шукаць шляхі павялічыць ціск — праз санкцыі і іншымі спосабамі — каб прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці, — сказаў Карпэнтэр. — Як за ўнутраныя рэпрэсіі, гэтак і за ўдзел у вонкавай агрэсіі, якую Расея вядзе супраць Украіны».

Камэнтуючы заяву дэпутата Палаты прадстаўнікоў Андрэя Савіных, што афіцыйная беларуская дэлегацыя мае намер узяць удзел у наступнай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Вене, Майкл Карпэнтэр сказаў наступнае:

«Мы ня можам кантраляваць тое, хто наведвае Парлямэнцкую асамблею, і ня маем уплыву на тое, хто атрымоўвае візы. Гэта залежыць ад аўстрыйскага ўраду. На апошнім паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі ў Варшаве, у Польшчы, і да таго ў Бірмінгэме, у Брытаніі, прадстаўнікі расейскай дэлегацыі і, наколькі ведаю, значная частка беларускай дэлегацыі не атрымалі візаў, бо яны былі пад санкцыямі гэтых дзьвюх краін.

Я лічу, што гэта было цалкам дарэчна, калі ўлічыць, чым гэтыя два рэжымы займаюцца ва Ўкраіне, ладзячы жахлівую вайну ці спрыяючы ёй, а таксама ўнутры сваіх краін, робячы жахлівыя рэчы зь беларускім і расейскім грамадзтвам».

Карпэнтэр дадаў, што калі расейскія і беларускія дэпутаты атрымаюць аўстрыйскія візы і прыедуць на паседжаньне, вельмі важна паказаць, што яны ў ізаляцыі, і жорстка асудзіць дзеяньні ўладаў Расеі і Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG