Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да сваякоў гомельскага актывіста, які знаходзіцца за мяжой, прыходзілі з «камісіі па вяртаньні ўцекачоў»


Барыс Анікееў
Барыс Анікееў

Невядомыя з бэджамі камісіі для працы з ахвочымі вярнуцца ў Беларусь прыйшлі да сваякоў гомельскага актывіста Барыса Анікеева, які пражывае за мяжой.

«Да сваякоў прыйшлі дзьве жанчыны, паказалі бэджы, дзе было напісана, што яны чальцы камісіі па вяртаньні ўцекачоў пры аблвыканкаме», — паведаміў BPN Барыс Анікееў.

Паводле актывіста, пыталіся, колькі ён знаходзіцца за мяжой, паводзілі сябе культурна. Пасьля заявілі: «На вашага брата абвешчаная амністыя. Ён можа спакойна вяртацца, яму нічога не пагражае. Трэба, каб ён вярнуўся, каб даў прыклад».

Пры гэтым жанчыны не змаглі патлумачыць, якая амністыя была абвешчаная, паколькі Анікееў у палітычных справах асуджаны не быў.

8 лютага прадстаўніца Генпракуратуры паведаміла аб атрыманьні першага звароту ў камісію па працы з палітычнымі эмігрантамі, якія жадаюць вярнуцца ў Беларусь.

«Практычна з моманту адкрыцьця на электронную пошту камісіі па разглядзе заяў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, у пытаньнях учыненьня імі правапарушэньняў, пачалі паступаць звароты», — заявіла Анжаліка Курчак.

Яна расказала толькі пра адзін зварот, які, як сьцьвярджае Курчак, не зьмяшчае неабходных зьвестак.

Паводле прадстаўніцы Генпракуратуры, у камісію зьвярнулася 35-гадовая мянчанка, якая зьехала за мяжу ў кастрычніку 2020 году. Яна не паведаміла аб учыненых правапарушэньнях, а «выказала толькі асьцярогі празь яе магчымае дачыненьне да нейкіх супрацьпраўных дзеяньняў».

Калі заяўніца дапоўніць зварот, яе ліст будзе разгледжаны.

Пазьней тэлеканал «Белсат» паведаміў, што гэты зварот накіравала яго рэдактарка Вольга Ярохіна «ад журналісцкай цікавасьці».

Рашэньне стварыць камісію прынялі 24 студзеня па выніках нарады ў Лукашэнкі. 7 лютага быў апублікаваны яе склад, са зваротамі грамадзян будуць працаваць 29 чалавек. Сярод іх чыноўнікі, сілавікі, прадстаўнікі прадзяржаўных арганізацыяў і дзяржаўных СМІ.

Генпракуратура стварыла спэцыяльны разьдзел на сваім сайце для ахвотных вярнуцца ў Беларусь. Але з-за мяжы для патэнцыйнай аўдыторыі ён не даступны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG