Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: Полк Каліноўскага і нацыянальна-дэмакратычныя арганізацыі вядуць кансультацыі пра стварэньне Рады бясьпекі


Вадзім Кабанчук, Павал Вусаў, Зянон Пазьняк, Зьміцер Шчыгельскі на прэсавай канфэрэнцыі. Варшава, 7 лютага
Вадзім Кабанчук, Павал Вусаў, Зянон Пазьняк, Зьміцер Шчыгельскі на прэсавай канфэрэнцыі. Варшава, 7 лютага

Арганізацыю створаць з мэтай абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі ва ўмовах вайны ва Ўкраіне і акупацыі Беларусі Расейскай Фэдэрацыяй, заявіў палітык.

7 лютага Зянон Пазьняк, Вадзім Кабанчук, Павал Вусаў і Зьміцер Шчыгельскі ў Варшаве правялі прэс-канфэрэнцыя аб выніках паездкі ва Ўкраіну.

Зянон Пазьняк адзначыў, што з удзелам палка імя Кастуся Каліноўскага плянуецца стварыць Раду бясьпекі.

«Паміж палком імя Кастуся Каліноўскага і іншымі нацыянальна-дэмакратычнымі арганізацыямі вядуцца кансультацыі пра стварэньне вайскова-палітычнай структуры — Рады бясьпекі, з мэтай абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі ва ўмовах вайны ва Ўкраіне і акупацыі Беларусі Расейскай Фэдэрацыяй».

Пра супрацоўніцтва новай структуры з пераходным кабінэтам Зянон Пазьняк сказаў:

«Тое, што ствараецца разам з імпэрскай Расеяй, канчаецца крывёй, вайной, генацыдам. Толькі нацыянальна-вызвольная апазыцыя можа стварыць нацыянальную дзяржаву і пойдзе за яе на ўсё. Каліноўцы ідуць на сьмерць. Усё астатняе — ад лукавага, не ад гэтага, а ад таго. Ня будзе супрацоўніцтва нацыянальна арыентаванай апазыцыі з той апазыцыяй, якая змагаецца „вместе с Россией“, гэта значыць, вядзе Беларусь у тупік.

Гэтыя людзі ня думаюць нацыянальнымі катэгорыямі. Былі канкрэтныя спробы спадара Вусава наладзіць кантакты, гэта ягоная ідэя стварыць ценявы кабінэт. Гэта вялікая справа, калі б гэта было зроблена. Мы гатовыя былі пайсьці працаваць у кабінэт, і спадар Вусаў бы пайшоў. Але той бок на гэта не пайшоў, у іх іншая арыентацыя.
Калі той бок пойдзе — мы гатовыя працаваць. Дзеля інтарэсаў беларускай нацыі — мы гатовыя».

Намесьнік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук заявіў, што на 12-ы месяц вайны так і не былі створаныя сталыя кантакты зь беларускай палітычнай апазыцыі.

«Гэта і стала адной з падставаў стварэньня нашай арганізацыі. Перад людзьмі, якія думаюць пра вызваленьне Беларусі, стаіць задача набору новых людзей і забесьпячэньня. І, спадзяюся, наша структура хаця б часткова возьме на сябе гэтыя абавязкі».

Кабанчук заявіў, што ён і Шчыгельскі ад Палка імя Каліноўскага будуць у будучым органе выконваць прадстаўнічыя функцыі, а Вусаў там будзе ад «Вольнай Беларусі».

«Для пачатку працэсу гэтага дастаткова, потым будуць далучацца іншыя. Праблема ў тым, што 80-90% байцоў на могуць „сьвяціцца“, бо сваякі застаюцца ў Беларусі», — сказаў Кабанчук.

Прадстаўнік руху «Супраціў​» Дзьмітры Шчыгельскі сказаў:

«Ніколі ў беларускай гісторыі беларусы не „трафэілі“ расейскіх танкаў. Каліноўцы гэта робяць! І вельмі даўно беларусы ня бралі расейцаў у палон. Каліноўцы гэта робяць! Не расказваць пра пляны, а паказваць вынікі працы. У справе беларускага адраджэньня, у нацыянальна-дэмакратычным руху няма больш эфэктыўнай структуры, чым полк Каліноўскага. Калі б не каліноўцы, стаўленьне да беларусаў было б такім жа, як і да расейцаў».

На думку Шчыгельскага, вайна вядзецца дзеля таго, каб сьвет быў лепшым, чым быў да яе.

«І вырашальнае слова будзе сказана ў Кіеве. Ня Кіевам, а ў Кіеве. Не працаваць з Кіевам, з украінскім палітыкумам, немагчыма».

Павал Вусаў заявіў, што Рада бясьпекі — гэта ні партыя, ні рух, а вайскова-палітычны орган кіраваньня.

«Як далей яна будзе разьвівацца, пашырацца гэты орган, будзе ясна пазьней, пры разьвіцьці сытуацыі».

«Асаблівая пашана тым, хто загінуў. На жаль, ня згадваецца, колькі беларусаў паранены, прайшлі праз усё гэта. Мы наведалі ў Кіеве вайсковы шпіталь, дзе ёсьць і параненыя беларусы. Трошкі бянтэжыць і ўспрымаецца зь непаразуменьнем, калі ў бок палку гучыць крытыка. Асабліва калі ты бачыш, у якіх умовах змагаюцца нашы байцы. Людзі ахвяруюць сваім жыцьцём і здароўем, і ахвяруюць не дзеля сёньня, а дзеля будучыні Беларусі. Нездарма Лукашэнка разумее пагрозу як вайсковага, так і палітычнага суб’екту палка для будучыні Беларусі.

Мы ніколі не сустракалі ва Ўкраіне адмоўнага стаўленьня. Толькі на блёкпастах былі жорсткія размовы з вайскоўцамі, асабліва калі бачылі мой беларускі пашпарт. З боку журналістаў ёсьць разуменьне. У Львове мне паставілі пытаньне: „Што Ўкраіна можа зрабіць для Беларусі?“. Мы прывыклі думаць, што Беларусь можа зрабіць для Ўкраіны, а тут пытаньне паставілі адваротнае», — сказаў Вусаў.

У студзені палітык Зянон Пазьняк, палітоляг Павал Вусаў, прадстаўнік руху «Супраціў» Зьміцер Шчыгельскі зьезьдзілі ва Ўкраіну, у Львоў, Кіеў і Бахмут, і сустрэліся там зь мясцовымі палітыкамі і беларускімі байцамі-добраахвотнікамі. Цягам паездкі яны таксама далі некалькі інтэрвію ўкраінскім журналістам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG