Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WSJ: Турэччына прадала Расеі тавары для ваенных патрэбаў у абыход санкцый ЗША


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Турэччына экспартавала ў Расею электроніку, запчасткі і іншыя тавары амэрыканскай вытворчасьці ў парушэньне экспартнага кантролю і санкцый ЗША, піша The Wall Street Journal са спасылкай на гандлёвыя дадзеныя. Некаторыя зь іх неабходныя для забесьпячэньня патрэбаў Узброеных сіл РФ.

Паводле інфармацыі газэты, сама меней 13 турэцкіх кампаній паставілі на расейскі рынак на суму ня менш за 18,5 мільёнаў даляраў плястмасу, гумовыя вырабы і транспартныя сродкі. Іх закупілі ня менш як 10 расейскіх фірмаў, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША з прычын іх дачыненьня да нападу на Ўкраіну.

Турэцкія кампаніі таксама накіравалі ў Расею з сакавіка па кастрычнік 2022 году ліфты, электрагенэратары, друкаваныя платы і іншыя тавары вытворчасьці ЗША на суму 15 мільёнаў даляраў у парушэньне амэрыканскага экспартнага кантролю.

Сярод кампаній, якія атрымалі турэцкае абсталяваньне, The Wall Street Journal таксама згадвае даччынае прадпрыемства расейскай карпарацыі «Тактычныя ракеты», якое вырабляе сыстэмы ўзбраеньня для расейскага флёту, і кампанію «Прамтэхналёгія», якая вырабляе вінтоўкі. Абедзьве фірмы знаходзяцца ў абмежавальным сьпісе Злучаных Штатаў.

Масква і Анкара публікацыю выданьня не камэнтавалі.

Паводле крыніц Bloomberg, раней Вашынгтон папярэдзіў улады Турэччыны і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў аб тым, што падтрыманьне імі эканамічных і фінансавых сувязяў з Расеяй перашкаджае намаганьням па ціску на Маскву.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG