Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад прыняў пастанову аб сачэньні за карыстальнікамі ў інтэрнэце


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дакумэнт пастановы аб функцыянаваньні спэцыяльнай інфармацыйнай сыстэмы, з дапамогай якой КДБ і ААЦ змогуць атрымаць доступ да баз дадзеных карыстальнікаў сайтаў і правайдэраў сувязі, апублікавалі сёньня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Камітэт дзяржбясьпекі і Апэратыўна-аналітычны цэнтар цяпер змогуць атрымаць прамы кругласутачны доступ да базаў дадзеных і інфармацыйных сыстэм інтэрнэт-рэсурсаў Беларусі ў мэтах апэратыўна-вышуковай дзейнасьці.

Указ № 368 аб стварэньні сыстэмы ўзаемадзеяньня паміж апэратарамі і пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслуг з супрацоўнікамі спэцслужбаў зьявіўся летась у кастрычніку. Цяпер яго афіцыйна зацьвердзілі.

Згодна з дакумэнтам пастановы, адна з асноўных функцый інфармацыйнай сыстэмы — улік і адлюстраваньне інфармацыі аб пастаўшчыках паслуг электрасувязі і ўладальніках інтэрнэт-рэсурсаў.

Карыстальнікі інфармацыйнай сыстэмы змогуць абменьвацца зьвесткамі, у тым ліку паведамленьнямі і дакумэнтамі, якія неабходныя ім і «органам, якія ажыцьцяўляюць апэратыўна-вышуковую дзейнасьць».

ААЦ пры Лукашэнку і КДБ будуць атрымліваць ад БелДІЭ зьвесткі аб рэгістрацыі ў інфармацыйнай сыстэме пастаўшчыка паслуг электрасувязі, уладальніка інтэрнэт-рэсурсу.

Раней Беларускі Хэльсынскі камітэт, «Human Constanta» і міжнародная няўрадавая арганізацыя «Access Now» зьвярнуліся да прадстаўнікоў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з нагоды ўказу Лукашэнкі № 368, які, паводле іх, «выводзіць сачэньне на беспрэцэдэнтны ўзровень».

Праваабаронцы зьвярнуліся да Працоўнай групы ААН у бізнэсе і правах чалавека, да спэцыяльных спавяшчальнікаў аб праве на абарону прыватнага жыцьця, аб свабодзе выказваньня думак і аб Беларусі.

Прадстаўнікі арганізацый адзначылі, што сачэньне праз тэлекамунікацыйныя паслугі і праслухоўваньне званкоў шырока распаўсюджаныя ў Беларусі прынамсі з 2010 году, але новы ўказ Аляксандра Лукашэнкі «інстытуцыяналізуе сачэньне і выводзіць яго на беспрэцэдэнтны ўзровень»: абавязвае інтэрнэт-сэрвісы даваць сілавікам просты доступ да зьвестак кліентаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG