Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дальнабойніка-правакатара зь Беларусі, празь якога арыштавалі шэсьць чалавек, звольнілі з польскай фірмы


Юры Комар, скрыншот з чат-рулеткі
Юры Комар, скрыншот з чат-рулеткі

Польская фірма скасавала працоўныя адносіны з дальнабойнікам-правакатарам з Мазыра Юрыем Комарам, пасьля гутарак зь якім у «чат-рулетцы» затрымалі некалькі беларусаў і завялі на іх крымінальныя справы. Пра гэта паведаміў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў.

Раней аб’яднаньне былых беларускіх сілавікоў ByPol высьветліла, што Юры Комар працуе ў фірме, зарэгістраванай у Беластоку, і ажыцьцяўляе грузаперавозкі з Кітаю, Расеі і Беларусі ў краіны Эўрапейскага зьвязу.

Пасьля таго, як інфармацыя аб працы Юрыя стала шырока вядомай, яго працадаўца звольніў яго. Праўладны тэлеграм-канал паабяцаў пасадзейнічаць з працаўладкаваньнем Юрыя ў Беларусі і «маляваць яму зорачку на фуры» за кожнага чалавека.

З 24 лістапада мінулага году ў сваім канале «Бела Рос» у YouTube Юры Комар пачаў выкладваць відэа, запісаныя падчас зносін у папулярным сэрвісе «чат-рулетка». Маючы размовы з выпадковымі беларусамі, Комар выдае сябе за ўкраінца і імкнецца справакаваць іх на выказваньні, за якія рэжым Лукашэнкі заводзіць на людзей крымінальныя справы.

Звычайна ў гутарках, выкладзеных у сеціва, мазыранін спрабуе схіліць сваіх суразмоўцаў да крытыкі дзеяньняў беларускіх уладаў, абраз у адрас Лукашэнкі, падтрымкі Ўкраіны і яе войскаў, «рэйкавых партызанаў» і беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца на баку Кіева.

Вядома аб затрыманьні ня менш як шасьці суразмоўцаў Комара. Некаторых пасьля затрыманьня білі і запісвалі на відэа. Магчыма, такіх людзей значна больш, але пацьверджаньняў гэтаму на сёньня няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG