Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Ірану прызналі «невялікую шкоду» пры нападзе на вайсковы завод


Момант выбху ў Іфахане.
Момант выбху ў Іфахане.

Улады Ірану сьцьвярджаюць, што пры атацы бесьпілётнікаў у горадзе Ісфахан у цэнтральнай частцы краіны вайсковаму заводу быў нанесены толькі невялікі ўрон, пацярпелых у выніку ўдару няма.

Паводле паведамленьня Міністэрства абароны Ірану, два бесьпілётнікі з трох былі зьбітыя сыстэмамі СПА. Улады Ірану, назваўшы атаку «баязьлівай» і заявіўшы, што яна ня спыніць працы над «мірнай ядзернай праграмай», не паведамілі, якую краіну або арганізацыю яны падазраюць у выкарыстаньні бесьпілётнікаў.

Падрабязнасьцяў аб тым, што рабілася на заводзе, няма. У правінцыі Ісфахан, аднак, разьмешчаны шэраг аб’ектаў, зьвязаных зь ядзернай праграмай Ірану. Сам будынак заводу, які зазнаў напад, суседнічае з Іранскім касьмічным цэнтрам, дзе ў прыватнасьці вырабляюцца балістычныя ракеты.

Адказнасьць за ўдар пакуль ніхто на сябе ня ўзяў. The Wall Street Journal са спасылкай на неназваныя крыніцы ў адміністрацыі ЗША сьцьвярджае, што за атакай стаяў Ізраіль. Пры гэтым улады краіны адмовіліся афіцыйна камэнтаваць тое, што здарылася.

У мінулым Ізраіль — як правіла, афіцыйна не прызнаючы гэтага — ужо наносіў кропкавыя ўдары па аб’ектах у Іране, зьвязаных зь яго ядзернай праграмай. Выданьне Jerusalem Post, нагадваючы пра гэта, піша: «Ва ўсім сьвеце, акрамя (ізраільскай спэцслужбы) „Масад“ ня так шмат арганізацый, якія маюць магчымасьці наносіць такія складаныя і дакладныя ўдары». Паводле гэтага выданьня, якое спасылаецца на крыніцы ў разьведках Ізраілю і заходніх краін, шкода аб’екту была нанесеная значна больш істотная, чым прызнаў Тэгеран.

Заходнія і ізраільскія СМІ, паведамляючы пра інцыдэнт, нагадваюць таксама аб тым, што Іран, па ўсёй бачнасьці, пастаўляе Расеі ўдарныя бесьпілётнікі «Шахед», якія расейскія войскі выкарыстоўваюць у вайне супраць Украіны.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк напісаў у твітэры, што «лёгіка вайны» «выстаўляе рахункі аўтарам і саўдзельнікам» агрэсіі, і адзначыў, што Ўкраіна «папярэджвала» Іран аб нэгатыўных наступствах супрацоўніцтва з Масквой. Афіцыйны Кіеў удар па заводзе ў Ісфахане не камэнтаваў.

Іранскія СМІ паведамлялі таксама аб выбухах і пажарах у суботу і ноч на нядзелю ў сталіцы краіны Тэгеране, гарадах Тэбрызе і Дэзфулі — на стратэгічных аб’ектах і нафтаперапрацоўчых заводах.

Улады афіцыйна пацьвердзілі пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Тэбрызе на паўночным захадзе краіны, адзначыўшы, што яго прычыны невядомыя, і не зьвязалі гэты пажар з ударам у Ісфахане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG