Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ прызначыла дакладчыка па вывучэньні праблем беларусаў на выгнаньні. Які чакаецца вынік

Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з кіраўніком Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Тыні Коксам, Стразбур, чэрвень 2021
Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з кіраўніком Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Тыні Коксам, Стразбур, чэрвень 2021

Камітэт ПАРЭ па міграцыі, уцекачах і перамешчаных асобах прызначыў спэцыяльнага дакладчыка Поля Галя (Paul Galles, эўрадэпутат зь Люксэмбургу) для падрыхтоўкі справаздачы на тэму «Вырашэньне дакладных праблем, зь якімі сутыкаюцца беларусы на выгнаньні».

«Такі даклад – гэта шанец дасьледаваць рэальнае становішча беларусаў на выгнаньні, а таксама адрасаваць рэкамэндацыі краінам-удзельніцам Рады Эўропы (у тым ліку тым, якія не ўваходзяць у склад ЭЗ)», – піша Тэлеграм канал Сьвятланы Ціханоўскай.

Цягам некалькі месяцаў дакладчык правядзе кансультацыі зь беларускімі дыяспарамі, арганізацыямі, якія дапамагаюць беларусам за мяжой, а таксама з уладамі некаторых краін знаходжаньня беларусаў. Вынікі дакладу з практычнымі парадамі для краін будуць абмяркоўвацца ў ПАРЭ ў кастрычніку 2023 году.

Паводле ацэнак ПАРЭ, пасьля жніўня 2020 году зь Беларусі выехала ад 200 да 500 тысяч чалавек. Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у прававых пытаньнях Крысьціна Рыхтэр выступіла на пасяджэньні камітэту, дзе акрэсьліла кола праблем, зь якімі сутыкаюцца беларусы, якія вымушаныя пакінуць краіну праз палітычны перасьлед. Яна адзначыла праблемы легалізацыі, інтэграцыі ў грамадзтва, а таксама немагчымасьць зьвярнуцца па мэдычную ці псыхалягічную дапамогу.

Таксама Крысьціна Рыхтэр узьняла пытаньні нядаўніх зьменаў беларускага заканадаўства: пазбаўленьне грамадзянства, крымінальнае перасьлед за праяву нацыянальнай ідэнтычнасьці, масавае прызнаньне НДА і СМІ экстрэмісцкімі фармаваньнямі (цяпер у сьпісе больш за 120 арганізацый, СМІ і ініцыятываў).

На пасяджэньні камітэту прапанавалі палегчыць працэдуру атрыманьня віз і відаў на жыхарства для беларусаў, якія сутыкнуліся з палітычным перасьледам.

XS
SM
MD
LG