Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская папрасіла кіраўніцтва Швайцарыі дапамагчы ў арганізацыі дыялёгу аб вызваленьні палітвязьняў


Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Швайцарскай Нацыянальнай Рады Мартынам Кандынасам
Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Швайцарскай Нацыянальнай Рады Мартынам Кандынасам

Падчас эканамічнага Форуму ў Давосе Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі розных краін, зь якімі абмеркавала становішча ў Беларусі.

18 студзеня Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам швайцарскай Нацыянальнай Рады (швайцарскага парлямэнту) Мартынам Кандынасам. Яна расказала пра сытуацыю зь беларускімі палітвязьнямі і папрасіла пашукаць магчымасьці для арганізацыі дыялёгу аб іх вызваленьні пры пасярэдніцтве Швайцарыі, паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай.

Ціханоўская абмеркавала ў тым ліку магчымасьць стварэньня групы сяброў Беларусі ў швайцарскім парлямэнце. У сваю чаргу прэзыдэнт парлямэнт паведаміў, што ўлады Швайцарыі зьліквідавалі групу па сувязях з афіцыйным парлямэнтам Беларусі.

Таксама беларуская дэмакратычная лідэрка папрасіла прэзыдэнта аб выдзяленьні Швайцарыяй дапамогі рэпрэсаваным, а таксама далучэньні да санкцыяў супраць сілавікоў і судзьдзяў, якія бралі ўдзел у рэпрэсіях і падтрымліваюць вайну.

Падчас эканамічнага Форуму ў Давосе Ціханоўская ў кулюарах размаўляла з былым канцлерам Аўстрыі Сэбасьцьянам Курцам, прэзыдэнтам Латвіі Эгілсам Левітсам, братамі Клічко, кангрэсмэнамі ЗША Грэгарі Міксам і Брэнданам Бойлам, прадстаўнікамі кампаній Siemens i Deloitte Джо Карсерам i Пунiтам Рэнжэрам і іншымі палітыкамі і бізнэсоўцамі.

Сустрэлася Ціханоўская і з гендырэктарам кампаніі Eurocash Паўлам Суруўкам. Палітык запрасіла кампанію інвэставаць у будучую Беларусь пасьля пераменаў, а пакуль устрымацца ад супрацы з рэжымам. Таксама Ціханоўская і Суруўка абмеркавалі магчымую дапамогу беларускім шэлтэрам у Польшчы і беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне. Ціханоўская прапанавала кампаніі наймаць рэпрэсаваных беларусаў, якія перабраліся ў Польшчу.

Eurocash — польская група кампаній, у якую ўваходзяць шматлікія прадпрыемствы, у тым ліку Eurocash Cash&Carry, Eurocash Serwis, а таксама рознічныя сеткі ABC, 1 minute, Delikatesy Centrum, Groszek, Lewiatan і Mila. Eurocash Group супрацоўнічае з больш як 90 тыс. кліентаў, зь іх 70 тыс. — незалежныя прадпрымальнікі, якія кіруюць мясцовымі раздробнымі крамамі па ўсёй Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG