Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейцу прысудзілі 1,5 года калёніі за абразу Лукашэнкі па даносе пэнсіянэркі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Жыхара Берасьця Аляксандра Труша асудзілі на 1,5 года калёніі агульнага рэжыму за «абразу» Аляксандра Лукашэнкі. У міліцыю на яго данесла пажылая расейка, якая пачула, як у двары кампанія з васьмі чалавек «лаяла ўладу».

Па вэрсіі абвінавачаньня, 16 жніўня 2022 году Аляксандар Труш у кампаніі іншых людзей падчас абмеркаваньня палітычных тэм у двары жылога дома выказаўся пра Лукашэнку, піша «Вясна Брэст». Гэтую размову пачула пажылая жанчына: яна зрабіла мужчыну заўвагу і ў рэзкай форме запатрабавала замаўчаць.

Пазьней яна вярнулася дадому, патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што «ў двары кампанія з васьмі чалавек лае ўладу, называюць Лукашэнку здраднікам і фашыстам».

У той жа вечар міліцыянты забралі Аляксандра Труша і ягоную знаёмую ў пастарунак. На судзе мужчына расказаў, што адразу пасьля затрыманьня сілавікі ціснулі на яго і пагражалі пасадзіць у ІЧУ, калі ён не напіша патрэбнай ім заяву. Па словах Труша, ён прызнаўся ў абразе Лукашэнкі і яго адпусьцілі. Аднак 17 верасьня затрымалі зноў і зьмясьцілі ў СІЗА да суду.

Жанчына, па даносе якой міліцыянты затрымалі Аляксандра, на судовае паседжаньне не прыйшла. Як піша «Вясна», грамадзянка Расеі спаслалася на свой узрост.

Пракурор Ягор Кронда палічыў віну Труша цалкам даказанай.

Судзьдзя Тацяна Лаўранюк прысудзіла Аляксандру Трушу 1,5 года калёніі агульнага рэжыму.

13 студзеня 2023 г. у Берасьцейскім абласным судзе разглядалася апэляцыйная скарга на гэты прысуд. Калегія з трох судзьдзяў пакінула рашэньне суду бязь зьмен.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG