Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю выйшаў Пётр Зіневіч: гэта першы вядомы выпадак вызваленьня палітвязьня па цяперашняй амністыі


Пётр Зіневіч
Пётр Зіневіч

Палітвязень Пётр Зіневіч 11 студзеня выйшаў на волю па амністыі, паведамляе ініцыятыва Dissidenty. 53-гадовы Зіневіч — тэлемайстар з Баранавічаў, індывідуальны прадпрымальнік. Засуджаны на два гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 188 КК (паклёп).

Мужчыну судзілі за тое, што ён у жніўні на сваёй старонцы «ВКонтакте» апублікаваў фота супрацоўніка Баранавіцкага РАУС з надпісам «удзельнічаў у разгоне мітынгаў і катаваў людзей».

Пад варту Пятра ўзялі 8 красавіка 2021 году, калі ён прыляцеў з Кіева. Да суду яго ўтрымлівалі ў СІЗА. З 16 жніўня 2021 года пачаў адбываць пакараньне.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства» 7 сьнежня леташняга году.

Згодна з рашэньнем, на волю выйдзе ня менш за 4.545 асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўленьня волі — 1.600 (зь іх 10 непаўналетніх), з папраўчых устаноў адкрытага тыпу — 500, з крымінальна-выканаўчых інспэкцый — 2.445.

Тэрмін пакараньня скароціцца на адзін год у 3.950 асуджаных.

Ад пакараньня і іншых мер крымінальнай адказнасьці не вызваляюцца асобы, «якія зьдзейсьнілі цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, некаторыя злачынствы, якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх», але ім мяркуецца «паменшыць тэрмін пакараньня ў выглядзе абмежаваньня і пазбаўленьня волі на адзін год».

Амністыя ня тычыцца асоб, «якія ўчынілі злачынствы тэрарыстычнай або экстрэмісцкай накіраванасьці, злачынствы, зьвязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналягаў (за выключэньнем асоб, якія ўчынілі такія злачынствы ва ўзросьце да васемнаццаці гадоў)».

6 верасьня па выніках нарады ў Лукашэнкі генэральны пракурор Андрэй Швед даў зразумець, што амністыя не закране асуджаных па палітычных матывах, яны могуць выйсьці на волю раней за тэрмін толькі праз памілаваньне.

Такім чынам, гэта першы вядомы выпадак вызваленьня палітвязьня па цяперашняй амністыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG