9 студзеня міністар нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак заявіў, што на ўсходзе краіны будзе створана новая пяхотная дывізія.
Разьмяшчацца яна будзе ў Падляскім ваяводзтве, а камандаваньне дывізіі будзе разьмешчана ў Цеханаве ў Мазавецкім ваяводзтве. Дывізію аснасьцяць сучаснай тэхнікай, перш за ўсё закупленымі ў Паўднёвай Карэі гаўбіцамі K9 і танкамі К2, а таксама амэрыканскімі танкамі Abrams.
На навіну адрэагаваў сакратар Рады бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч:
«Як гэта можна пракамэнтаваць? Акрамя як агрэсіўную палітыку і нядобрасуседскую настроенасьць з боку Польшчы ў адносінах ня толькі да Беларусі, але і да Саюзнай дзяржавы, дый да АДКБ. На жаль, і Польшча, і прыбалтыйскія дзяржавы накіраваныя на мілітарызацыю, узбраеньне новымі ўзорамі вайсковай тэхнікі — не абарончага, а наступальнага характару. Як гэта можна расцэньваць? Толькі як заяўку на нейкую агрэсію. І разьведвальныя палёты, і колькасьць вучэньняў, якія праводзяцца. Усё гэта ня можа садзейнічаць міру і бясьпецы», — сказаў Аляксандар Вальфовіч.
Беларусь дазволіла скарыстаць сваю тэрыторыю для наземных і паветраных атакаў Расеі на Ўкраіну, пусьціла расейскае войска трэніравацца на сваіх палігонах і аэрадромах. Працягваецца таксама мігранцкі крызіс на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу, ініцыяваны і падтрыманы афіцыйным Менскам.