Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскай пісьменьніцы на 20 год забаранілі ўезд у Беларусь


Мая Вольны
Мая Вольны

Мая Вольны хацела наведаць Беларусь па бязьвізавым рэжыме, які ўлады ўвялі як «пацьвярджэньне адкрытасьці краіны, накіраванасьці на добрасуседзтва і ўмацаваньне міжнацыянальных сувязей».

Пісьменьніца плянавала наведаць Пінск, дзе ў міжваенны пэрыяд жылі і працавалі яе дзяды, а таксама пабачыць мясьціны, зьвязаныя зь вядомым польскім пісьменьнікам, майстрам рэпартажнага жанру Рышардам Капусьціньскім, які нарадзіўся ў Пінску. У Менску Вольны плянавала сустрэцца зь беларускімі праваабаронцамі і інтэлектуаламі.

У Пінск Мая Вольны ехала аўтобусам з Варшавы. У Берасьці ў яе пачаліся праблемы.

«Беларуская памежніца доўга разглядала мой пашпарт, распытвала пра мэту паездкі. Потым сказала, каб я пачакала ў невялікай кабінцы. Памежнікі забралі мой пашпарт і доўга пра нешта размаўлялі, а мне сказалі чакаць і ня рухацца. Потым, пасьля 23.00, прыйшоў іншы памежнік і зачытаў мне пастанову пра тое, што ў выніку рашэньня ўладаў РФ мне забаронены ўезд на 20 гадоў», — расказала Свабодзе Мая Вольны.

Прычыну беларускі памежнік не паведаміў, спаслаўшыся на тое, што ў беларускай кампутарнай сыстэме яна «ня бачная». Пасьля жанчыну папрасілі забраць рэчы з аўтобуса і пасадзілі ў легкавы аўтамабіль з трыма мужчынамі.

«Мне сказалі, што толькі так я магу вярнуцца ў Польшчу. Я села ў машыну, і толькі тады мне аддалі пашпарт. Мужчыны, беларусы, дапамаглі мне перайсьці мяжу на польскі бок», — сказала Вольны.

Польцы забаранілі наведваць Беларусь да 30 лістапада 2042 году. Раней пра такія вялікія тэрміны забароны на ўезд публічна не паведамлялася. Права наведваць Беларусь абмяжоўвалася максымальна на 10 год.

У мінулым годзе польская пісьменьніца шмат падарожнічала па Расеі, зьбіраючы матэрыял для новай кнігі. Яна лічыць, што забарона з боку РФ можа быць зьвязаная зь яе крытычнымі выказваньнямі ў сацыяльных сетках і адмовай даць інтэрвію тэлеканалу Russia Today за некалькі тыдняў да Новага году.

«У той самы час у Расеі пераклалі і апублікавалі іншае інтэрвію са мной, дзе я разважала пра стан расейскага грамадзтва. Пасьля гэтага на мяне пасыпалася маса гнеўных камэнтароў, а тую размову ў выніку выдалілі з сайта», — расказала пісьменьніца Свабодзе.

  • Мая Вольны — пісьменьніца, рэпартэрка, доктарка гуманітарных навук. Пачынала працаваць у рэдакцыі культуры польскага тыднёвіка Polityka. Працавала дырэктаркай музэю ў Бэльгіі і аглядальніцай найважнейшага флямандзкага інфармацыйнага сайта VRT. Аўтарка сямі мастацкіх раманаў і дзьвюх кніг нон-фікшн.

Бязьвізавы рэжым для грамадзян Польшчы ўвялі 1 ліпеня 2022 году. Улады сьцьвярджаюць, што ім ужо скарысталіся звыш 35 тысяч палякаў. У сьнежні бязьвіз працягнулі на год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG