Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што «час зрабіць крок насустрач людзям, якія памыліліся і зьехалі зь Беларусі»


Аляксандар Лукашенка
Аляксандар Лукашенка

Такую заяву Аляксандар Лукашэнка заявіў 7 студзеня падчас наведваньня Сьвята-Елісавецінскага жаночага манастыра.

«Надышоў час, калі мы, прадстаўнікі ўлады, я як кіраўнік дзяржавы і вы, сьвятары, нашы людзі павінны зрабіць крок насустрач гэтым людзям, якія ці то ашалеўшы, ці то на нейкі час страціўшы арыенціры, памыліліся. І будзе, мусіць, па-нашаму, па-праваслаўнаму, калі мы гэты крок насустрач ім зробім», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, яго цытуе БЕЛТА.

Паводле яго, «тыя, хто ўцёк зь Беларусі, сёньня тысячамі зьвяртаюцца да нас, каб іх вярнулі назад на радзіму». Што менавіта Лукашэнка мае на ўвазе пад «крокам насустрач», ён не ўдакладніў. У той жа час ён скосна закрануў даў зразумець, што крымінальны перасьлед тых, хто ўцёк за мяжу працягнецца, за выключэньнем тых, хто «раскаяўся».

«Я не хачу сказаць, што мы зараз, як патрабуе ад нас Захад... Я менш пра гэта кажу, але кожны дзень патрабаваньне — вярнуць і іншае, і іншае, нават парушальнікаў закона. Не. Кожны павінен адказаць за сваё. Але я ўпэўнены, што сярод і тых, хто ўцёк, і тых, якія жывуць сёньня ў нас, — людзі, якія глыбока раскаяліся, людзі, якія зразумелі, што памыліліся. Яны не павінны быць выкінутыя на абочыну», — заявіў ён.

Таксама Лукашэнка пахваліў Сьвята-Елісавецінскі манастыр (які адкрыта падтрымлівае расейскую ўзброеную агрэсію ва Ўкраіне) за збор дапамогі расейскім вайскоўцам, сказаўшы што яны «робяць правільна», калі «дапамагаюць нашым рускім братам».

Год таму, у студзені 2022 году Лукашэнка заявіў, што «многія беглыя расчараваныя тым жыцьцём, у якім яны апынуліся» і параіў ім «каяцца і вяртацца дадому», а таксама намякнуў на магчымыя праблемы з маёмасьцю, якая засталася ў краіне, і тое, што адсядзець па вяртаньні магчыма ўсё ж давядзецца.

Апошнім часам сілавікі ўсё часьцей затрымліваюць беларусаў, што вяртаюцца з-за мяжы. У сьнежні праваабаронцы паведамлялі пра масавыя затрыманьні беларусаў на мяжы з Польшчай: так, напрыклад, уначы 19 сьнежня з аўтобуса зьнялі каля дзесяці чалавек, тое самае адбывалася і ў маршрутках.

21 сьнежня ў Беларусі таемна прынялі закон аб канфіскацыі маёмасьці за «недружалюбныя дзеяньні» супраць краіны. Апублікавалі яго ў ноч на 6 студзеня, раней аб прыняцьці закону афіцыйна не паведамлялі. Адабраньне маёмасьці будзе адбывацца «па матывах грамадзкай неабходнасьці».

Паводле юрыста Алега Агеева, у прыведзенай фармулёўцы закону «любыя дзеяньні любога суб’екта, які мае маёмасьць пад юрысдыкцыяй беларускіх уладаў, могуць прывесьці да пазбаўленьня гэтай маёмасьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG