Польская памежная варта апублікавала відэа, запісанае 3 студзеня на ўчастку памежнага атрада ў Чарэмсе. На ім відаць, як людзі ў форме беларускіх памежнікаў суправаджаюць невядомых людзей у цёмным адзеньні з заплечнікамі. Польскае ведамства абвінаваціла беларускіх калег у дапамозе нерэгулярным мігрантам у пераходзе мяжы.
Беларускі памежны камітэт адрэагаваў на гэтыя абвінавачаньні, якія называў дэзынфармацыяй грамадзкасьці, і выклаў сваё відэа з пытаньнямі да польскага боку.
«Суправаджэньне асоб на беларускай тэрыторыі не зьяўляецца супрацьпраўным дзеяньнем. А дзе на кадрах доказы перамяшчэньня іншаземцаў праз загароду?», — гаворыцца ў адным з пастаўленных пытаньняў у публікацыі беларускага ведамства.
Беларускія памежнікі сярод іншага адзначылі, што палякі таксама павінны растлумачыць, што адбылося зь людзьмі, якія знаходзіліся на польскай тэрыторыі. Паводле беларускага боку, палякі наўмысна хаваюць свае дзеяньні ў дачыненьні да мігрантаў, таму, у тым ліку, камэры назіраньня нездарма «перастаюць працаваць на самых „цікавых“ момантах».
«Наўмысна хаваецца тое, як польскія вайскоўцы дастаўляюць і пакідаюць іншаземцаў на мяжы, якімі спосабамі яны гэта робяць і як праводзіцца працэдура падаваньня або адмовы ў падачы хадайніцтва аб абароне», — падкрэсьлілі беларусы.