Міністар архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч на тэлеканале «Беларусь-1», як паведамляе БелТА, расказаў, што Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу апэратыўна вырашыць праблему з даўгабудамі. На думку міністра архітэктуры і будаўніцтва, рашэньне ў гэтай сытуацыі можа быць толькі адно: трэба ўзмацняць адказнасьць заказчыка, які не да канца прадумаў інвэстыцыйны цыкль, але пачынае рэалізоўваць інвэстпраект.
«Лічу, што трэба стартаваць ад недапушчэньня зьяўленьня новых даўгабудаў, на што мы зьвярнулі асаблівую ўвагу. Мы падрыхтавалі спэцыяльны інфармацыйны рэсурс — адзіны рэестар аб’ектаў капітальнага будаўніцтва, які будзе адсочваць кожны новы праект у краіне, а мы будзем бачыць у рэжыме рэальнага часу, на якім этапе будаўніцтва ён знаходзіцца», — сказаў Пархамовіч.
Паводле яго, у цэлым па краіне колькасьць даўгабудаў скарацілася практычна ўдвая.
«Калі мы пачыналі з 4465, то на 1 кастрычніка 2022 году іх стала 2146. Здавалася б, лічба сур’ёзная, але трэба ўважліва і акуратна падыходзіць да кожнага аб’екту. Па гэтым шляху мы і пайшлі — складаем адпаведныя пляны мерапрыемстваў сумесна з рэгіёнамі і галіновымі рэгулятарамі.
Наша асноўная мэта — каб кожны аб’ект зрабіў пэўны ўнёсак у эканоміку краіны. Прасьцей за ўсё ўзяць і зьнесьці будынак, але на гэтыя 2146 аб’ектаў было выдаткавана больш як Br6 млрд зь дзяржаўных крыніц. Недапушчальна сёньня проста ўзяць і пахаваць такую колькасьць сродкаў, а тым больш недапушчальна працягваць марнаваць грошы на такія аб’екты», — заявіў Руслан Пархамовіч.
На думку міністра, у наступныя гады ўсе пляны рэалізуюцца. На 2023 год заплянавана ўключэньне ў гаспадарчы абарот 808 аб’ектаў.