Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З опэрнага тэатру за грамадзянскую пазыцыю звольнілі ўжо чацьвёртага дырыгента


Будынак Опэрнага тэатру ў Менску, фота 2018 году
Будынак Опэрнага тэатру ў Менску, фота 2018 году

СМІ, якія пра гэта паведамляюць, адзначаюць, што звальненьне ўсіх зьвязана з грамадзянскай пазыцыяй, якую яны выказалі ў 2020 годзе.

Апошнім, у канцы сьнежня 2022 году, звольнілі дырыгента Алега Лесуна.

Алег Лясун скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па клясе фартэпіяна і опэрна-сымфанічнага дырыгаваньня. З 1999 году — дырыгент Тэатру опэры і балету Беларусі.

У перапынку паміж працай у Опэрным у 2011–2013 гадах быў галоўным дырыгентам Музычнага тэатру. Паралельна з працай у вядучым тэатры краіны ў 2006–2008 гадах узначальваў аркестар Дзяржаўнага камэрнага музычнага тэатру «Санкт-Пецярбург Опэра». У рэпэртуары дырыгента — 23 опэры і 13 балетаў.

Да гэтага, пачынаючы з 2020 году, з Нацыянальнага тэатру опэры і балету Беларусі мусілі сысьці Вячаслаў Чарнуха-Воліч, Андрэй Галанаў і Іван Касьцяхін. Ад таго часу тэатар страціў яшчэ шмат супрацоўнікаў, вядомых далёка па-за межамі Беларусі. Саліст Нацыянальнага тэатру опэры і балету Павал Пятроў сышоў з калектыву разам з жонкай. Звольнілі сьпевака Ільлю Сільчукова, канцэртмайстра Рэгіну Саркісаву, скрыпачку Алу Джыган, альтыстку Аляксандру Пацёміну, хормайстра Івана Цітова. Тэатар не працягнуў кантракты народнаму артысту Ўладзімеру Пятрову, сьпявачкам Натальлі Акінінай і Кацярыне Галаўлёвай. Некалькі чалавек сышлі па ўласным жаданьні — у тым ліку адзін з найлепшых маладых дырыгентаў сьвету Дзьмітры Мацьвіенка і рэжысэры Дар’я Пататурка і Алена Медзякова. Раней праз ідэалягічныя рознагалосьсі з адміністрацыяй сышла з тэатру сьпявачка Маргарыта Ляўчук.

Масавы сыход зорак беларускага мастацтва з тэатру працягнуўся найбольш інтэнсіўнымі тэмпамі пасьля прызначэньня ў траўні 2021-га дырэктарам тэатру Вячаслава Гарбузава, дзяржаўнага ідэоляга і актывіста БРСМ, які да 2017 году ня меў дачыненьня да мастацкай галіны, а ў тым годзе адразу быў пастаўлены кіраваць Берасьцейскім тэатрам драмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG