Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вальфовіч раскрыў сутнасьць пратаколу, які падпісалі на пачатку сьнежня Хрэнін і Шайгу


Аляксандар Вальфовіч
Аляксандар Вальфовіч

Кіеў любымі шляхамі імкнецца «справакаваць рэгіянальны канфлікт», тысячы палякаў ваююць ва Ўкраіне ў якасьці наймітаў, а Беларусь і Расея могуць ствараць любую па колькасьці групоўку войскаў, заявіў дзяржсакратар Рады бясьпекі Аляксандар Вальфовіч у інтэрвію беларускай рэдакцыі Sputnik.

«Украінскаму боку недастаткова вайны на сваёй тэрыторыі. Прыкладам таму нядаўні інцыдэнт са зьнішчэньнем украінскай ракеты С-300. Прычыну яе прылёту на нашу тэрыторыю мы высьветлім», — сказаў Вальфовіч. Пры гэтым ён ужо «выдатна разумее», «хто стаіць за такімі безадказнымі дзеяньнямі».

«Магу з поўнай упэўненасьцю сказаць, мы здольныя адказаць на любыя выклікі і пагрозы, і, паверце, мала не падасца», — прыгразіў дзяржсакратар РБ.

Паводле яго слоў, зьверка ўліковых даных, праведзеная ваенкаматамі восеньню, ахапіла 95% вайсковаабавязаных. Вальфовіч лічыць, што ўсе яны гатовыя «абараняць сваю зямлю са зброяй у руках».

Вальфовіч падкрэсьліў, што задачы рэгіянальнай групоўкі войскаў у Беларусі маюць абаронны характар, аднак яна можа быць павялічана ў залежнасьці ад сытуацыі. «На сёньняшні дзень яна дастатковая і адэкватная існуючаму становішчу. Безумоўна, у залежнасьці ад дынамікі сытуацыі будуць прымацца адпаведныя рашэньні аб далейшым яе нарошчваньні ў тым складзе, які гарантавана астудзіць любыя «гарачыя галовы», — сказаў Вальфовіч.

«Дапаўненьні і зьмяненьні, якія ўнесеныя ў дзейнае пагадненьне [аб вайсковым супрацоўніцтве] у пачатку сьнежня падчас сустрэчы кіраўнікоў вайсковых ведамстваў дзьвюх краін, дазваляюць ствараць любую па складзе і колькасьці групоўку войскаў адэкватна наяўнай абстаноўцы», — паведаміў дзяржсакратар Рады бясьпекі.

Увечары ў суботу, 3 сьнежня, міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шайгу падпісалі ў Менску пратакол аб унясеньні зьмяненьняў у дагавор паміж дзьвюма краінамі ад 19 сьнежня 1997 году аб вайсковым супрацоўніцтве. Сутнасьць зьмяненьняў да гэтых тлумачэньняў Вальфовіча не раскрывалася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG