Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра сябе і Пуціна: «Мы ўдвух — суагрэсары, самыя шкодныя і таксычныя людзі на гэтай плянэце». ВІДЭА


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі. Менск, 19 сьнежня 2022
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі. Менск, 19 сьнежня 2022

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка пасьля перамоваў 19 сьнежня ў Менску правялі прэс-канфэрэнцыю.

Лукашэнка казаў, што яны былі вымушаныя «часта сустракацца» каб абмеркаваць у тым ліку пытаньні бясьпекі і эканомікі, «улічваючы ціск з боку калектыўнага Захаду».

«Гаварыць пра тое, што нехта кагосьці паглынае. Паўстае пытаньне, а навошта? Навошта? Расея заўсёды ішла нам сустрэчу. Няма сёньня ніводнага пытаньня, якога мы ня вырашылі. Мы ідзём на сустрэчу Расейскай Фэдэрацыі. У самую цяжкую хвіліну. «Ну вы ведаеце, мы ўдвух — суагрэсары, самыя шкодныя і таксычныя людзі на гэтай плянэце. У нас толькі адна спрэчка: хто больш. Уладзімір Уладзіміравіч кажа, што я. Я ўжо пачынаю думаць, што ён. Прынялі рашэньне, што разам, аднолькава. Вось і ўсё. А калі хтосьці думае нас сёньня разарваць, убіць клін — не атрымаецца», — заявіў Лукашэнка.


Пры гэтым Пуцін і Лукашэнка прама не закраналі пытаньні расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. Пуцін заявіў, што Беларусь і Расея вядуць сумеснае вайсковае плянаванне, дзейнасьць рэгіянальнай групоўкі войскаў. Паводле яго, з Лукашэнкам яны дамовіліся прадоўжыць падрыхтоўку экіпажаў баявых самалётаў арміі Беларусі, якія ўжо пераабсталяваны «для магчымага прымяненьня боепрыпасаў паветранага базаваньня са спэцыяльнай баявой часткай».

Размова ідзе пра самалёты, як сказаў Лукашэнка, «здольныя несьці спэцыяльнае ўзбраеньне і спэцыяльныя боепрыпасы». Ён дадаў, што Расея перадала Беларусі ракетныя комплексы «С-400» і «Іскандэр», яны пастаўлены ўжо на баявое дзяжурства.

Афіцыйна беларускае войска не бярэ ўдзелу ў поўнамаштабнай вайне Расеі з Украінай, аднак Лукашэнка даў тэрыторыю Беларусі для праезду і часовай дыслякацыі расейскіх войскаў, а зь яе тэрыторыі наносіліся ўдары па Ўкраіне. 10 кастрычніка 2022 году было абвешчана, што Крэмль і Менск дамовіліся аб разгортваньні ў Беларусі сумеснай групоўкі войскаў. Паведамлялася, што з Расеі ў Беларусь будзе адпраўлена каля 170 танкаў, а таксама ня менш як 9 тысяч вайскоўцаў расейскай арміі.

Украінская выведка паведамляе, што ў гэты момант ня бачыць прамой пагрозы наступу з боку Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG