Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці арыштуе Тэртэль Лукашэнку


Іван Тэртэль. Ілюстрацыйнае фота
Іван Тэртэль. Ілюстрацыйнае фота

Днямі з дыскусіі аб пэрспэктывах сыходу Лукашэнкі з палітычнага жыцьця пачуў ад калегі пра хай і невялікую, але імавернасьць, што арыштаваць цяперашняга кіраўніка Беларусі можа той, хто сёньня прысягае яму ў вернасьці.

«Напрыклад, Тэртэль» — удакладніў калега.

У першае імгненьне зьяўленьне ў такім кантэксьце імя генэрал-лейтэнанта, цяперашняга старшыні КДБ падалося мне крыху абсурдным, але потым я прыгадаў, што пуцявіны лёсаў пераплятаюцца гэтак неспадзявана, што ўсё магчыма ў жыцьці.

Аднак калі падысьці да тэмы з улікам прыкладаў з гісторыі, ды яшчэ зрабіць пэўныя параўнаньні, дык прыходзіш да высновы, што «пуцявіны лёсу» тут маюць апошняе значэньне, і падобнае ня проста магчыма, а вельмі нават імаверна (замест Тэртэля, ясна ж, можна паставіць прозьвішча іншага сілавіка, рэч не ў асобах).

І Лукашэнка робіць усё ад яго залежнае, каб наблізіць менавіта такі фінал свайго палітычнага жыцьця.

А магчыма, і ня толькі палітычнага.

Апошнім такім крокам ёсьць законапраект «Аб асновах грамадзянскай супольнасьці», які, як ужо адзначылі камэнтатары, вяртае Беларусь у часы, калі непадзельна панавала адна партыя і адна ідэалягічная лінія.

З гэтай канстатацыяй не пагаджуся толькі ў тым сэнсе, што вяртаньне ўжо адбылося, законапраект усяго толькі фармальна пацьвердзіць рэальнасьць — паводле праваабарончай арганізацыі Lawtrend, ад 2020 году ў Беларусі зьліквідаваныя 1102 недзяржаўныя некамэрцыйныя арганізацыі (у тым ліку і створаныя яшчэ да абвяшчэньня Незалежнасьці, як, напрыклад, ТБМ), і яшчэ больш як 600 знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі.

Сюды ж трэба дадаць поўнае зьнішчэньне на тэрыторыі краіны незалежных СМІ. А яшчэ — фактычнае спыненьне дзейнасьці ўсіх апазыцыйных партыяў, фармальна пакуль не зьліквідаваных. Якая там палітычная актыўнасьць, калі за прапанову ў Канстытуцыю ды нэгатыўную ацэнку дзеяньняў дзяржаўнага органу кідаюць за краты.

Але якое ўсё гэта мае дачыненьне да фіналу палітычнай біяграфіі Лукашэнкі? Здавалася б, поўнае вычышчэньне краіны ад нязгодных дае дадатковыя гарантыі працягу палітычнага існаваньня.

У тактычным сэнсе ці, як цяпер прынята казаць, у кароткатэрміновай і нават сярэднетэрміновай пэрспэктыве гэта, безумоўна, так.

Але паколькі мы ўжо выкарысталі слова «фінал» — дык вось канчатковы вынік палітычнага і часта жыцьцёвага шляху кіраўніка краіны, дзе грамадзянская супольнасьць не існуе дзесяцігодзьдзямі, часта падобны на тое, як скончыў Муамар Кадафі.

Лідэра лівійскай Джамахірыі я прыгадаў толькі таму, што на яго ў сваіх выступах спасылаецца Лукашэнка. Не-не дый назаве, прычым чамусьці прыгадвае не кіраўніцтва рэвалюцыяй альбо краінай, а менавіта фінал — і палітычны, і жыцьцёвы. Яно і зразумела — кадры, на якіх былы візаві нагадвае хутчэй кавалак мяса, чым чалавека, не маглі ня ўразіць Лукашэнку.

Але для аналёгіяў я прапанаваў бы ўзяць геаграфічна бліжэйшыя да Беларусі прыклады — Румынію і Польшчу.

Рэвалюцыя кампрамісаў

Хаця абедзьве краіны і ўваходзілі ў так званы «сацыялістычны лягер» і ў ваенны блёк Варшаўскай дамовы, кіраваліся марксісцкай ідэалёгіяй, — структурай грамадзтва яны істотна розьніліся.

Як гэта ні падасца дзіўным, але ў 1960–70-я гады румынскае кіраўніцтва ўспрымалася на Захадзе як значна менш прамаскоўскае, чым польскае. Дастаткова ўзгадаць, што Бухарэст асудзіў увод войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну у 1968 годзе (Чаўшэску нават выступіў на мітынгу пратэсту, ясна, ім жа самім і арганізаваным). Незалежныя ад Крамля адносіны былі ў Румыніі з Кітаем; Чаўшэску і ягоная жонка Алена (член ЦК і Палітбюро) сустракаліся з Мао Цзэдунам — такога кшталту вольнасьцяў не маглі сабе дазволіць ні Гамулка, ні Герэк, ні Каня, ні Ярузэльскі.

І пры гэтым усё ў Румыніі было падпарадкавана жаданьням аднаго чалавека, не дапускалася нават мінімальная нязгода з пазыцыяй Чаўшэску.

Іншая рэч — Польшча. Нават тое, што за гады, калі ў Бухарэсьце кіраваў адзін і той жа, у Варшаве зьмяніліся некалькі лідэраў, шмат пра што гаворыць.

У Польшчы існавала некалькі партыяў (ясна, марксісцка-ленінскіх), дапускалася пэўная крытыка дзеяньняў найвышэйшых кіраўнікоў, ішлі палітычныя дыскусіі як у межах партыі, гэтак і ў грамадзтве. Дзейнічалі сотні недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў — як агульнанацыяльных, гэтак і рэгіянальных.

Так, усё гэта заставалася ў межах марксісцка-ленінскай ідэалёгіі, аднак так ці інакш спрыяла разьвіцьцю грамадзкай ініцыятывы, выпрацаваньню здольнасьцяў да самаарганізацыі грамадзтва, урэшце, фармавала тое, што прынята называць палітычнай культурай.

Вядома, гэта паўплывала і на фармаваньне незалежнага прафсаюзу «Салідарнасьць» на чале зь Лехам Валэнсам, які неўзабаве ператварыўся ў палітычны антыкамуністычны рух, нагэтулькі моцны, што ў сьнежні 1981 году генэрал Ярузэльскі быў вымушаны ўвесьці ў краіне вайсковае становішча. Тысячы актывістаў «Салідарнасьці» былі інтэрнаваныя, мітынгі і страйкі забароненыя.

Як адбываўся пераход ад дэмакратычнай да сацыялістычнай Польшчы, нагадаў у сваім блогу Дзьмітры Гурневіч.

Я толькі зьвярну ўвагу на тое, што пэўныя кансультацыі паміж прадстаўнікамі «Салідарнасьці» (на той момант забароненай, дарэчы) і кіраўніцтвам (а лепей сказаць, вайсковай адміністрацыяй) пачаліся задоўга да «круглага стала». А сам «круглы стол», парлямэнцкія выбары з загадзя вызначанай квотай прадстаўніцтва камуністаў і апазыцыі, выбары на пасаду прэзыдэнта спачатку Ярузэльскага, потым Валэнсы — праходзілі ў атмасфэры ўзаемных кампрамісаў.

А кампрамісы могуць рэалізоўвацца толькі пры наяўнасьці палітычнай культуры і грамадзянскай супольнасьці, калі асноўныя фігуры і сілы ўсьведамляюць адказнасьць і патэнцыйныя наступствы парушэньня дамоўленасьцяў.

Сёньня Польшча — адна з найбольш дынамічных эканомік Эўропы.

Што тычыцца Ярузэльскага, дык пасьля адыходу ад улады ён пражыў яшчэ 23 гады, яго выклікалі на судовыя працэсы, але асуджаны ён ня быў. Сярод тых, хто наведаў яго ў шпіталі ў апошнія месяцы жыцьця, быў і Лех Валэнса — фатаздымак пацісканьня іх рук абышоў ня толькі польскую прэсу. Гэта, вядома, не азначала ідэалягічнага прымірэньня — магчыма, толькі дараваньне. Але памёр Ярузэльскі ў сваім ложку. Пахавалі Ярузэльскага з удзелам вайсковай варты, быў на пахаваньні і Валэнса.

Рэвалюцыя сілавікоў

У Румыніі, дзе існаваў рэальны культ Чаўшэску, «сэкурытатэ» за дзесяцігодзьдзі вынішчыла пад корань ня толькі нейкія грамадзянскія ініцыятывы, але і ўсе прыкметы незадаволенасьці вярхоўнай уладай, нават дробныя. Нязгодных чакала турма, некаторыя былі асуджаныя на сьмяротнае пакараньне.

Зьмена ўлады (так званая сьнежаньская рэвалюцыя 1989 году) была імгненнай, а лёс Нікаляе і Алены Чаўшэску падчас яе ўкладаецца ў некалькі дзён і некалькі словаў: уцёкі са сталіцы на верталёце, арышт, трыбунал, прысуд, расстрэл.

І хуткі суд, і імгненны расстрэл адбыліся па камандзе генэрал-лейтэнанта Віктара Стэнкулеску. Ён гадамі верна служыў Чаўшэску, быў прызначаны першым намесьнікам міністра абароны і сярод іншых генэралаў вызначаўся жорсткасьцю. Заадно Стэнкулеску ўзначальваў румынскую фэдэрацыю спартовага пяціборства. Калі ў сьнежні 1989-га міністар абароны Васіле Міля адмовіўся страляць у мірных пратэстоўцаў у Тымішаары, Чаўшэску аддаў загад Стэнкулеску, і той без ваганьняў ужыў супраць народу зброю — ахвярамі, паводле афіцыйных зьвестак, былі каля тысячы чалавек.

А праз восем дзён Стэнкулеску прызначыў трыбунал, якому спатрэбілася пару гадзінаў, каб асудзіць Чаўшэску на сьмерць. Стэнкулеску асабіста адабраў трох вайскоўцаў, якія і выканалі прысуд. Нікаляе і Алену Чаўшэску расстралялі ля сьцяны салдацкай прыбіральні.

Відэакадры з трыбуналу і расстрэлу адразу паказалі ў румынскай тэлевізіі — новая ўлада, якая складалася зь сілавікоў, была вельмі зацікаўленая ўсё зваліць на Чаўшэску.

Акрамя гэтага, у такія гарачыя дні народ часта прагне помсты, і каго лепей пакласьці на ахвярны алтар, як не таго, чыё імя яшчэ ўчора ўсяляла страх? Задаволіўшыся расправай над тыранам, людзі могуць і забыцца на ягоных памагатых.

Ужо ў тыя дні камэнтатары з замежных СМІ адзначалі, што хуткі суд пазбавіў магчымасьці правесьці дакладнае расьсьледаваньне таго, што рабіў рэжым Чаўшэску цягам дзесяцігодзьдзяў. Пра гэта казалі і румынскія дысыдэнты — але іх нават не дапусьцілі на тэлевізію. Трансьляваліся выключна звароты людзей з былога атачэньня Чаўшэску, якія імгненна зрабіліся рэвалюцыянэрамі.

Насельніцтва, пазбаўленае досьведу самаарганізацыі і палітычнай культуры, ня здолела вылучыць і прывесьці да ўлады новых, не заплямленых крывёю асобаў. Колішнія падначаленыя Чаўшэску і ўзначальвалі Румынію ў бліжэйшыя гады, пачыналі палітычныя ды эканамічныя рэформы гэтак, як іх разумелі. Прэзыдэнтам стаў Іён Іліеску, былы лідэр камуністычнай моладзевай арганізацыі і міністар.

Сёньня, больш чым праз трыццаць гадоў пасьля падзеньня дыктатуры Чаўшэску, узровень валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва ў Румыніі не дасягае і 70% ад сярэднеэўрапейскага. Ён складае больш за 24 тысячы даляраў, у той час як у Польшчы больш чым 33 тысячы.

Ложак замест кулі

Вядома, нельга безапэляцыйна сьцьвярджаць, што існаваньне грамадзянскай супольнасьці ці хаця б асобных яе элемэнтаў аўтаматычна гарантуе мірную трансфармацыю палітычнай сыстэмы ды посьпех эканамічных рэформаў. Але пэўныя заканамернасьці існуюць.

Што практычна гарантавана — у выпадку ўчыненьня былымі кіраўнікамі злачынстваў новая ўлада, абраная пры наяўнасьці ў краіне гэтай самай супольнасьці, забясьпечыць справядлівы суд (які звычайна цягнецца гадамі). Не заўсёды можа адбыцца прымірэньне палітычных антаганістаў, як у выпадку з Ярузэльскім і Валенсам, але і кулі ў лоб ня будзе.

Там, дзе існуе грамадзянская супольнасьць, — урэшце рэшт усё вызначаюць інтэлект і палітычная культура.

Ну а там, дзе яе няма, — усё вырашае сіла. Якая звычайна не зазірае далей за сьценку салдацкай прыбіральні.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG