Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінчука з інваліднасьцю пасьля затрыманьня забрала з ІЧУ «хуткая»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мікалая Клімовіча, інваліда 2-й групы, які перанёс апэрацыю на сэрца і інсульт, затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК за рэпост антываеннага паведамленьня, дзе прэзыдэнта Расеі параўноўвалі з Гітлерам. Да суду Клімовіча зьмясьцілі ў ІЧУ, але праз пагаршэньне стану адтуль яго забрала хуткая дапамога.

«Я падпісваюся ў сацыяльных сетках як Мікалай Верасень. Сам зьдзіўляюся, як ГУБАЗіК знайшоў мяне менавіта па гэтым ніку. Можа быць, сыграла, што там ёсьць маё фота на фоне ўкраінскага сьцяга. Затрымалі за мае праўкраінскія погляды. Я выступаў супраць вайны, і, можна сказаць, вельмі жорстка», — паведаміў BPN Клімовіч.

Па словах пінчука, ён ставіў «клясы» антываенным запісам, капіяваў паведамленьні, дзяліўся імі ў некалькіх сацыяльных сетках.

«Я зрабіў у 13 гадзін перапост публікацыі, дзе Пуціна параўналі з Гітлерам. Там было напісана: „Фашысты — гэта тыя людзі, якія нападаюць на чужыя краіны, а ня тыя, хто абараняе сваю Радзіму“. Пуцін быў на ёй у эсэсаўскай форме, ззаду свастыка. Яны да гэтага прычапіліся. Ужо ў 15:00-15:30 [13 сьнежня] супрацоўнікі ГУБАЗіку былі ў мяне дома», — зазначыў актывіст.

Сілавікі, працягнуў ён, зрабілі выгляд, што прыйшоў участковы, не паказалі пасьведчаньняў і не прадставіліся, толькі сказалі: «Ты ўжо зразумеў, хто мы такія». Далі падпісаць дзьве паперы: пратакол затрыманьня і пратакол допыту. Потым завезьлі ў кабінэт, дзе было напісана пра ГУБАЗіК.

«Тры разы яны спрабавалі зрабіць відэазапіс аб маім „пакаяньні“, у іх ледзьве атрымалася. Я не прызнаваў віны. Сказаў, што рабіў гэтыя пэрапосты, бо выступаў і выступаю супраць вайны, і тое, што я публікаваў, насіла антываенны характар», — адзначыў Клімовіч.

Па словах суразмоўцы, яго перавозілі з аднаго ўчастка ў другі; позна ўвечары, каля 23 гадзін, яму стала дрэнна. Але міліцыянты адмовіліся выклікаць хуткую дапамогу.

«Нельга было патэлефанаваць родным, ня мог папярэдзіць, што мяне затрымалі. Пасьля адвезьлі ў ІЧУ, у «падвал», — сказаў актывіст.

«Круцілі рукі, калі надзявалі кайданкі. Ад таго, што я перанёс 1 траўня інсульт, рукі пачалі вельмі моцна балець, быццам кіпенем аблілі. Прасіў не надзяваць на мяне кайданкі, я і так пайду. Міліцыя сказала „не“(...) Мяне закінулі ў машыну, выцягнулі зь яе, сам я зайсьці і выйсьці не змог. Кайданкі сьціснулі рукі так, што да гэтага часу сінякі», — паведаміў жыхар Пінску.

Ён таксама зазначыў, што паказаў дакумэнты аб інваліднасьці, аб тым, што была складаная апэрацыя на сэрцы. Калі яго прымушалі апранацца і распранацца, былі відаць шнары пасьля яе.

«Я пасьля апэрацыі чатыры дні ляжаў у штучнай коме, бо ня мог ачуцца. Вырашалася пытанне, што я мог і ня выжыць. І інсульт у мяне. Такі „букет“. Таму групу далі. Кажу міліцыянтам: „Лекары мяне выратавалі, а вы мяне зараз у труну загоніце. Я магу да раніцы і не дажыць“. Яны пасьмяяліся», — паведаміў Клімовіч.

У ІЧУ ён заявіў супрацоўнікам, што моцна баляць галава і сэрца.

«Вырашылі выклікаць „хуткую“. Лекары праверылі мой ціск: 190 на 100. Узніклі вялікія праблемы з сэрцам. У ІЧУ зрабілі ўкол і завезла ў лякарню, дзе мне аказалі першую дапамогу. Сказалі: інакш мог бы да раніцы і не дажыць у сувязі з ускладненьнямі на сэрца», — растлумачыў Клімовіч.

Зь лякарні яго адпусьцілі дадому 14 сьнежня з абавязаньнем прыйсьці на суд 23 сьнежня. На Клімовіча складзены пратакол за распаўсюджваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

«Як гэтыя паведамленьні могуць быць экстрэмісцкага зьместу, калі я выступаю супраць вайны? У мяне ва Ўкраіне вельмі шмат сваякоў жыве. Не магу датэлефанавацца, ня ведаю, што з маімі роднымі цяпер у Чырвоным Лімане, Запарожжы, Зарэчным на мяжы Беларусі і Ўкраіны. Я за іх хвалююся... Я заняў праўкраінскую пазыцыю. ГУБАЗіК, хутчэй за ўсё, узяў мяне за мае антываенныя погляды. Але я ня мог зрабіць інакш як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, як чалавек — па чыста маральных меркаваньнях. Ведаў, што рана ці позна пападуся, мяне папярэджвалі, але ня мог стаяць убаку, калі ў сьвеце такое адбываецца», — падкрэсьліў актывіст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG