Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзем дамагацца непрызнаньня падобных рашэньняў». У Аб’яднаным пераходным кабінэце пракамэнтавалі закон аб пазбаўленьні грамадзянства


Аб'яднаны пераходны кабінэт. Валер Кавалеўскі крайні справа
Аб'яднаны пераходны кабінэт. Валер Кавалеўскі крайні справа

Пазбаўленне грамадзянства беларусаў, асуджаных паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным абавязаньням нашай краіны, заявіў намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта Валер Кавалеўскі.

У заяве Кавалеўскага, апублікаванай у афіцыйным тэлеграм-канале Кабінэту гаворыцца, што дэмакратычныя сілы будуць дабівацца непрызнаньня такіх рашэньняў і дапамагаць беларусам, якія апынуліся ў такой сытуацыі за мяжой.

«Пазбаўленьне грамадзянства, якое належыць кожнаму чалавеку па праве нараджэньня — цынічнае беззаконьне, якое супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным абавязаньням Беларусі. Гэта шок для беларусаў і ўсяго цывілізаванага сьвету», — гаворыцца ў заяве Кабінэту.

Таксама ў камэнтары Валера Кавалеўскага гаворыцца, што «гэтае незаконнае дзеяньне стане для беларускага і міжнароднага правасудзьдзя важным доказам віны асобаў, адказных за ўсталяваньне дыктатуры, палітычныя рэпрэсіі супраць беларусаў і грубыя парушэньні базавых правоў чалавека».

«Дастаткова прыгадаць, — піша Валер Кавалеўскі, — што людзей пазбаўлялі грамадзянства, дадзенага па праве нараджэньня, у нацысцкай Нямеччыне. І гэтае падабенства шмат пра што гаворыць, у тым ліку пра тое, якім можа і павінен быць фінал прадстаўнікоў гэтага рэжыму».

Валер Кавалеўскі заяўляе, што Аб’яднаны праходны кабінэт зробіць усё магчымае для міжнароднага непрызнаньня сёньняшняга рашэньня парлямэнту Беларусі:

«Адной з галоўных задач нашай міжнароднай дзейнасьці зьяўляецца здабыцьцё магчымасьцяў для беларусаў мець адпаведны прававы статус, пацьверджаны дакумэнтам адпаведнага ўзору, незалежна ад вар’яцкіх дзеяньняў рэжыму.

Мы будзем дамагацца непрызнаньня падобных рашэньняў нелегітымнай улады і вырашэньня практычных аспэктаў, зь якімі могуць сутыкнуцца беларускія грамадзяне за мяжой».

14 сьнежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі законапраект, які дазваляе пазбаўляць беларусаў грамадзянства па нараджэньні.

Праект уводзіць новую падставу страты грамадзянства — «у сувязі з наяўнасьцю выраку суду Рэспублікі Беларусі, які ўступіў у законную сілу, пацьвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьне ёю цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусі, калі такая асоба знаходзіцца за межамі краіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG