Паліцыя разганяе пратэстоўцаў, ужываючы сьлезацечны газ; тыя ў адказ кідаюць у паліцыянтаў камяні і піратэхніку.
Парлямэнт быў вымушаны спыніць паседжаньне. Як паведамляе мясцовае выданьне Vijesti, да дэманстрантаў далучыліся дэпутаты сацыял-дэмакраты Прэдраг Бошкавіч, Мілаш Нікаліч і Андрыя Нікаліч, а таксама мэр Подгарыцы Іван Вукавіч. Прадстаўнік грамадзянскага руху «Ima nas» («нас шмат») Прэдраг Вушуравіч заявіў, што сёньняшнія выступленьні — гэта «блякада Подгарыцы», і калі патрабаваньні дэманстрантаў ня будуць задаволеныя, пратэсты чакаюць і іншыя чарнагорскія гарады. Пратэстоўцы паабяцалі перакрыць дарогі ў краіне і прызначылі наступную буйную акцыю на канец тыдня.
Палітычны крызіс у Чарнагорыі доўжыцца з канца лета, калі з Канстытуцыйнага суду краіны звольніліся чатыры з шасьці судзьдзяў, і парлямэнт аказаўся няздольны выбраць новы склад суду, што фактычна спыніла яго працу. 12 сьнежня парлямэнт краіны прыняў папраўкі ў закон аб паўнамоцтвах прэзыдэнта, якія значна абмяжоўваюць яго ўладу. У парлямэнце супрацьстаяць адна адной прачарнагорскія і прасэрбскія групоўкі, прычым частка палітыкаў, што прадстаўляе сэрбскае насельніцтва, выступае супраць незалежнасьці Чарнагорыі, лічачы краіну часткай Сэрбіі.
Чарнагорыя, насельніцтва якой складае ўсяго 625 тыс. чалавек, уваходзіць у NATO і кандыдуе на ўступленьне ў Эўразьвяз.