Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пры ператрусах у япархіях УПЦ (МП) у сьвятароў знайшлі расейскія пашпарты, пракрамлёўскую літаратуру, сьцягі «Наваросіі»


Сьвятар УПЦ (МП), які, паводле СБУ, «зьліваў» ворагу інфармацыю аб пазыцыях ВСУ ў Севераданецку. Фота СБУ, 7 сьнежня 2022 г.
Сьвятар УПЦ (МП), які, паводле СБУ, «зьліваў» ворагу інфармацыю аб пазыцыях ВСУ ў Севераданецку. Фота СБУ, 7 сьнежня 2022 г.

Служба бясьпекі Ўкраіны завяршыла сэрыю ператрусаў у япархіях Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату — УПЦ (МП). Знайшлі расейскія пашпарты, пракрамлёўскую літаратуру і сьцягі так званых «ДНР» і «ЛНР», якія належаць сьвятарам.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы ведамства.

Супрацоўнікі СБУ праводзілі ператрусы ў аб’ектах УПЦ (МП) у Херсонскай, Чаркаскай, Жытомірскай і Валынскай вобласьцях.

СБУ вызначыла, што настаяцель Успенскага сабору ў Херсоне быў у Крамлі падчас абвяшчэньня прэзыдэнтам РФ анэксіі чатырох украінскіх вобласьцяў. За некалькі дзён да вызваленьня Херсону ўкраінскай арміяй сьвятар уцёк разам з расейскімі вайскоўцамі на акупаваную тэрыторыю.

На тэрыторыі Ўсьпенскага сабору супрацоўнікі СБУ выявілі калекцыю абразоў, выкрадзеную вайскоўцамі РФ з дому ганаровага консула Літвы падчас акупацыі гораду расейскім войскам. У царкоўных памяшканьнях сабору СБУ выявіла расейскія пашпарты мясцовых сьвятароў, выдадзеныя ім падчас акупацыі гораду, і пропускі, выпісаныя на імя «фэдэральнага дарадцы вайскова-цывільнай адміністрацыі РФ».

Па гэтых фактах сьледчыя СБУ адкрылі крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 111 КК Украіны («дзяржаўная здрада, учыненая ва ўмовах ваеннага становішча»).

У япархіях Жытомірскай, Валынскай і Чаркаскай вобласьцяў СБУ выявіла сьцягі так званай «Наваросіі», прапагандысцкую літаратуру расейскіх аўтараў, тэксты малітваў «за Расею» і расейскія падручнікі, у якіх «усхваляецца крамлёўскі рэжым».

Усе сканфіскаваныя пры ператрусах матэрыялы адправілі на экспэртызу для наступных працэсуальных дзеяньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG