Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У абмен на адмову ад ядзернай зброі», — у Зяленскага прапануюць «будапэшцкі мэмарандум» для Масквы


Міхайла Падаляк, дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны
Міхайла Падаляк, дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны

Прадстаўнікі ўкраінскай улады надалей рэагуюць на прапановы прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона аб наданьні Расеі гарантыяў бясьпекі.

«У гадавіну Будапэшцкага мэмарандуму тэма калектыўных гарантыяў для РФ выглядае вельмі інтрыгоўна. Але калі выпрошваеце, то… Украіна гатовая гарантаваць бясьпеку РФ у абмен на татальную адмову Масквы ад ядзернай зброі. Падпісаць дамову можам у тым жа горадзе — Будапэшце, Вугоршчына», — напісаў у твітэры дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк.

Напярэдадні, 4 сьнежня, сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў раскрытыкаваў ідэю наданьня «гарантыяў бясьпекі» Расеі, назваўшы такую ідэю праяваю «дзіўнай лёгікі паддывановай дыпляматыі, час якой скончыўся».

Паводле Аляксея Данілава, дэнуклеарызаваная і дэмілітарызаваная Расея стане найлепшай гарантыяй міру для Эўропы і сьвету.

Аб тым, што хаўрусьнікам па NATO неабходна падумаць, якія гарантыі бясьпекі яны могуць даць Расеі, калі яна пагодзіцца вярнуцца за стол перамоваў з Украінай, заявіў 3 сьнежня ў інтэрвію тэлеканалу TF1 прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. На ягоную думку, гэтае пытаньне магло б абмяркоўвацца ў кантэксьце новай архітэктуры бясьпекі ў Эўропе пасьля завяршэньня вайны.

Між тым, кіраўнік уладнай фракцыі «Слуга народу» у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Давід Арахамія пералічыў патрабаваньні да Расеі, пры выкананьні якіх Украіна гатовая сесьці за стол перамоваў.

«Украіна гатовая даць Расеі гарантыі бясьпекі. Для гэтага дастаткова: пакінуць тэрыторыю нашай краіны; выплаціць рэпарацыі; пакараць усіх ваенных злачынцаў; добраахвотна здаць ядзерную зброю. Пасьля гэтага мы гатовыя сесьці за стол перамоваў і пагаварыць аб гарантыях бясьпекі», — напісаў Арахамія ў тэлеграме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG