Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ты ў кожным разе будзеш есьці і піць, а я буду маляваць». У Варшаве праходзіць выстава мастачкі Анастасіі Рыдлеўскай


Паразмаўлялі зь яе аўтаркай пра выставу, сытуацыю зь беларускім мастацтвам і будучыя праекты.

«Хачу спрычыніцца да будаўніцтва новай Беларусі»

24 лістапада ў музэі вольнай Беларусі ў Варшаве адкрылася выстава «Сонца сёньня дзіўна сьвеціць» беларускай мастачкі Анастасіі Рыдлеўскай. Працы, выстаўленыя ў музэі, ствараліся за год жыцьця ў эміграцыі, у Гданьску, апавядае аўтарка.

«Я абрала менавіта гэты музэй, бо хачу спрычыніцца да будаўніцтва новай Беларусі і дэстыгматызацыі тэмы мэнтальнага здароўя. Выстава называецца «Сёньня сонца зноў дзіўна сьвеціць», бо адсылае акурат да маіх дзёньнікавых запісаў, успамінаў пра першы прыступ дэпрэсіўнага эпізоду, які я памятаю. Выстава пра мэнтальныя праблемы і іншае грунтуецца на маім асабістым досьведзе», – кажа Анастасія Рыдлеўская.

На адкрыцьці выставы былі вялікі інтарэс наведнікаў і паглыбленьне ў творчасьць.

«Шмат людзей падыходзілі, дзякавалі за працы, бо яны ім адгукнуліся, вельмі моцна дапамаглі адрэфлексаваць свае ўласныя праблемы, знайсьці сувязь зь іншымі людзьмі, зразумець, адчуць, што ты не адзін у гэтым усім, – кажа мастачка. – На адкрыцьці паказалі дакумэнтальны фільм Максіма Буйніцкага, які ён зьняў пра мяне і майго мужа, пра нашае жыцьцё ў эміграцыі, пра ўсё, што гэтаму спадарожнічае з майго асабістага пункту гледжаньня – у пляне мэнтальных расстройстваў».

Анастасія Рыдлеўская
Анастасія Рыдлеўская

Анастасія кажа, што была ўражаная, як такая складаная тэма, досыць стыгматызаваная ў грамадзтве, знайшла водгук.

«Мастацтва для мяне – абсалютна натуральная і неад'емная частка майго жыцьця. Ты ж ня можаш ня піць ваду? Ты ў кожным разе будзеш піць, есьці, гэтаксама я ў кожным разе буду маляваць, – кажа Анастасія. – Прастора не ўплывае на тое, што я раблю, але самі вобразы сталі больш складанымі, яны пачалі ўбіраць у сябе ўсю тую рэальнасьць, якая стала больш страшнай і балючай для жыцьця ў ёй. Ты ўвесь час бачыш пакуты іншых людзей, вельмі блізкіх табе, і ня можаш гэтага спыніць, таму адчуваеш значна большы спэктар пачуцьцяў, і ўсё гэта адбіваецца на творчасьці».

«Знаходзячыся ў сыстэме рэпрэсіяў, я сумленна і шчыра паказвала ўсё, што адчуваю»

Анастасія разам з мужам мусілі пераехаць летась зь Беларусі ў Гданьск. Жанчына расказвае, што праз рэпрэсіі больш не магла чакаць, калі па яе прыйдуць.

«Усе мае працы – адлюстраваньне камунікацыі са сьветам, у якім я жыву, спроба яго адрэфлексаваць і знайсьці сувязь зь іншымі людзьмі, якія адчуваюць тое ж самае. Зразумела, знаходзячыся ў сыстэме рэпрэсіяў, я сумленна і шчыра паказвала ўсё, што я адчуваю, – прызнаецца мастачка. – Я не цэнзуравала сябе, а ўсё, што вылівалася, атрымлівалася натуральна, таму на ўсіх выставах людзі відавочна ўсё разумелі і адчувалі».

Пакуль Анастасія была ў Беларусі, яна хацела выдаць кнігу пра перажываньне рэпрэсіяў. Але выдавецтва, у якім яна мела друкавацца, закрылася.

«У гэтай кнізе мае дзёньнікавыя запісы і ілюстрацыі, якія я малявала цягам году, у сытуацыі, у якой мы ўсе апынуліся пасьля 2020-га. Яны раскрывалі гэты траўматычны досьвед індывіда, – тлумачыць Анастасія. – Я хацела зрабіць візуальную кнігу, якая з табой размаўляе на мове пачуцьцяў, якія мы ўсе перажывалі, каб было адчуваньне яднаньня, таго, што ты не адзін. Хацелася паказаць, што мы ўсе разам, выказаць эмацыйную салідарнасьць».

Анастасія Рыдлеўская
Анастасія Рыдлеўская

Цяпер Анастасія вельмі разьлічвае атрымаць фінансаваньне на кнігу, каб яе выпусьціць у трансфармаваным фармаце.

«Яна будзе на беларускай мове, там важны тэкст і візуал. Яна будзе пра траўму 2021–22 гадоў, пра жахлівыя рэпрэсіі і ўсё, што адбываецца. Усё будзе ў паэтычнай форме: белыя вершы і мае візуальныя рэчы ўзаемадзейнічаюць адно з адным на пачуцьцёвым узроўні. Каб чалавек, чытаючы, змог адрэфлексаваць траўму і ў пэўнай ступені адчуць лёгкасьць вызваленьня ад гэтага болю. Атрымаецца, што ты ўжо ўбачыў у твар гэты боль і можаш трохі ад яго аддаліцца», – разважае мастачка.

«Калі ты дзелісься такім інтымным, на ўсю моц пра гэта кажаш, гэта забірае вельмі шмат сілаў»

Работы Анастасіі можна пабачыць і на адзеньні беларускага брэнду ХОЛОD.

«Цудоўная Іна, стваральніца брэнду, напісала мне, што ёй спадабаліся мае працы. Яна спыталася, як я наагул гляджу на ідэю, каб мае карціны зьявіліся на вопратцы. У той момант я акурат пра гэта шмат думала, але асабіста для мяне гэта было немагчыма, бо патрабуе шмат фінансавых выдаткаў. І зь Інай у нас атрымалася ідэальнае яднаньне, – кажа мастачка. – Іна проста надзвычайны чалавек, мне вельмі падабаецца яе падыход да адзеньня: яна так этычна і максымальна прадумвае, што будзе чалавек насіць, як яму будзе камфортна, якая якасьць рэчаў. Для мяне гэта вельмі важна».

Цяпер Анастасія займаецца паралельна некалькімі праектамі ў музычным і візуальным фармаце на тэму пачуцьця віны, небінарнасьці і спэктру гендэру.

«Выстава забрала так шмат сілаў, гэта быў такі насычаны прадуктыўны пэрыяд, так шмат работ створана літаральна за лета, што цяпер я ў вымушаным адпачынку, – прызнаецца Анастасія. – Калі ты дзелісься такім інтымным, патаемным, рэчамі, якія моцна стыгматызуюцца ў нашым грамадзтве, ты на ўсю моц пра гэта кажаш, каб іншыя людзі зразумелі, што гэта ня варта стыгматызаваць і ўсё з намі нармальна, гэта забірае вельмі шмат сілаў. Хутчэй за ўсё, трэба будзе ненадоўга зьмяніць від мастацтва, падзарадзіцца для візуальнага. Гэта будзе ў музыцы, магчыма, у анімацыі».

Анастасія Рыдлеўская
Анастасія Рыдлеўская

Таксама Анастасія расказвае, што распрацоўвае адукацыйны онлайн-курс для мастакоў, які мусіць выйсьці неўзабаве. 12 сьнежня ў музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве заплянаваная сустрэча з мастачкай. Яна абяцае расказаць шмат цікавага і карыснага.

«Я распавяду пра свой шлях у мастацтве, у творчасьці, як удалося арганізаваць першыя выставы, як наагул мастакам жыць і не паміраць з голаду, – кажа Анастасія. – Падзялюся ўсякімі рэчамі, якія могуць дапамагчы, калі ты чалавек творчай прафэсіі

і акурат у самым пачатку свайго шляху, як абыходзіць падводныя камяні. Яшчэ я правяду невялікую экскурсію па выставе, раскажу больш падрабязна пра свае працы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG