Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Манголіі пачаліся антыкарупцыйныя пратэсты. ФОТА і ВІДЭА


Пратэстоўцы каля Дому ўраду ва Ўлан-Батары, 5 сьнежня 2022 г.
Пратэстоўцы каля Дому ўраду ва Ўлан-Батары, 5 сьнежня 2022 г.

Людзі патрабуюць пакараць удзельнікаў афэры з вугалем.

Пратэстоўцы, якія сабраліся ля ўрадавага палацу ва Ўлан-Батары 4 сьнежня, запатрабавалі назваць імёны службоўцаў, якія, як мяркуецца, за апошнія два гады скралі прыбытак мангольскага дзяржаўнага экспарту вугалю ў памеры 44 трыльёнаў тугрыкаў (12,8 мільярда даляраў).

Сьвяточныя ялінкі на плошчы Сухэ-Батара пратэстоўцы спалілі і ненадоўга перакрылі галоўны бульвар сталіцы, праспэкт Міру, піша бізнэс-выданьне bne IntelliNews з галоўным офісам у Бэрліне.

Дэманстрацыя, у якой прынялі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек, пачалася ў адказ на чуткі пасьля заявы прэм’ер-міністра пра вялізныя аб’ёмы прыбыткаў ад вугалю, раскрадзеныя або растрачаныя прыватнымі структурамі, а не пералічаныя ў дзяржаўны фонд.

Пратэст у Манголіі, Улан Батар, 5 сьнежня 2022
Пратэст у Манголіі, Улан Батар, 5 сьнежня 2022

У звароце амэрыканскай амбасады да сваіх грамадзян у Манголіі гаворыцца пра сотні пратэстоўцаў, уладальнікаў пашпартоў ЗША просяць унікаць натоўпу.

Пратэстоўцы патрабавалі ад ураду адказаць па пытаньні пра магчымую афэру ў час, калі любы від прыбытку можа дапамагчы краіне пераадолець эканамічныя цяжкасьці, выкліканыя сусьветным эканамічным заняпадам.

Пратэст у Манголіі, 5 сьнежня 2022
Пратэст у Манголіі, 5 сьнежня 2022

Як піша mass.mn, пры пратэстах пацярпелі як мінімум 8 чалавек.

5 сьнежня чальцы кабінэту міністраў правялі прэс-канфэрэнцыю, прысьвечаную абвінавачаньням у крадзяжах даходаў ад вугалю.

«Урад тройчы абмяркоўваў гэтае пытаньне», — сказаў міністар эканамічнага разьвіцьця Чымэдзійн Хурэлбаатар.

«Да крадзяжу вугалю датычныя ўладныя асобы і чыноўнікі. У выніку быў уведзены асаблівы рэжым кантролю кампаніі Erdenes Tavan Tolgoi», — сказаў Хурэлбаатар, маючы на ўвазе, што супрацоўнікі дзяржаўнай інвэстыцыйнай кампаніі Erdenes Mongol і дзяржаўнай вугальнай кампаніі Erdenes Tavan Tolgoi нясуць адказнасьць за нібыта раскрадзеныя даходы.

«Па факце крадзяжоў вугалю заведзена 10 крымінальных справаў у трох галінах: падрадная, транспартная і чыгуначная», — дадаў Хурэлбаатар.

Міністар назваў пяцёх былых дырэктараў Erdenes Tavan Tolgoi падазраванымі ў крадзяжы вугалю.

У канцы лістапада афіцыйныя асобы тлумачылі пляны пераўтварэньня Erdenes Mongol у сувэрэнны фонд багацьця (SWF), якому даручана інвэставаць прыбытак ад велізарных прыродных рэсурсаў краіны, такіх як вугаль, медзь, золата і іншыя мінэралы. Улады заяўлялі, што недзяржаўнаму фонду лягчэй удасца выканаць задачу правільнага разьмеркаваньня рэсурсаў.

У верасьні 2022 году ўлады Манголіі адкрылі чыгуначныя зносіны з Кітаем ад радовішча Таван-Талгай для экспарту 50 мільёнаў тон вугалю. Яе будаўніцтва заняло дзесяць гадоў. Таван-Талгой — каменнавугальнае радовішча на поўдні Манголіі, адно з найбуйнейшых у сьвеце. Здабыча карысных выкапняў дае чвэрць ВУП краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG