Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэстываль дакумэнтальнага кіно «1084. На мяжы» ў Беларусі пройдзе онлайн. Як і дзе глядзець фільмы?


Афіцыйны постэр фэстывалю «1084. На мяжы»
Афіцыйны постэр фэстывалю «1084. На мяжы»

Арганізатары фэсту праводзяць яго ў жывым рэжыме ва Ўкраіне і онлайн у Беларусі.

Арганізатар фэстывалю: праваабарончая грамадзкая арганізацыя «Зьвяно/Ланка». Партнэр — онлайн-кінатэатр украінскага кіно Takflix.

«1084 кілямэтры — працягласьць агульнай мяжы сувэрэнных Беларусі і Ўкраіны. 1084 кілямэтры — лінія на глыбокай ране двух народаў, якую нанесьлі 24 лютага. Арганізатары фэстывалю спрабуюць задумацца пра будучыню стасункаў і бесстароньне абмеркаваць сучаснасьць, адносіны простых людзей, а таксама падтрымку беларусамі ўкраінскага народу ў барацьбе з акупантамі, а ўкраінцамі — беларусаў у барацьбе з дыктатурай і тэрорам», — пішуць арганізатары.

Фэстываль складаецца зь дзьвюх частак: украінскай, дзе жыхарам Украіны офлайн прапаноўваліся фільмы, зьвязаныя зь Беларусьсю, і беларускай — онлайн-паказы ўкраінскіх фільмаў пра культуру і гісторыю Ўкраіны, пра гарады і іх жыхароў, якія перажылі акупацыю расейскіх захопнікаў. Яны будуць даступныя для прагляду з 9 па 18 сьнежня на партнэрскай пляцоўцы takflix.com.

Фільмы, прызначаныя для паказу, адзначаны шэрагам узнагародаў і дыплёмаў міжнародных фэстываляў у ЗША, Грэцыі, Канадзе, Украіне, Францыі, Нідэрляндах і іншых краінах сьвету. Фэстываль таксама прадугледжвае сустрэчы з гасьцямі фэстывалю і дыскусіі з рэжысэрамі.

Для беларусаў у краіне прагляд усіх фільмаў бясплатны па прамакодзе fest1084, гледачам за межамі Беларусі неабходна купляць квіткі. Большая частка стужак будзе каштаваць каля $2,5. Пры гэтым 50% ад продажаў білетаў на Takflix ідуць рэжысэрам, частка зь якіх цяпер абараняе сваю краіну на вайне.

З 9 да 18 (уключна) сьнежня з тэрыторыі Беларусі ўсе фільмы праграмы фэстывалю можна паглядзець бясплатна. Усе кінастужкі даступныя 24/7. Фільмы будуць дэманстравацца на ўкраінскай/расейскай мовах. У залежнасьці ад фільма будуць даступныя ўкраінскія ці ангельскія субтытры.

Глядзець фільмы можна на працягу ўсяго фэстывалю ў любы зручны момант. Калі чалавек не ў Беларусі і купляе квіток для прагляду, ён дзейнічае 7 дзён.

Бясплатная спасылка працуе толькі для геалякацыі ў Беларусі.

У разьдзеле «Беларусь: онлайн» трэба выбраць фільм і націснуць кнопку «глядзець» або «глядзець зь Беларусі». Плятформа прапануе зарэгістравацца праз email ці Facebook альбо ўвайсьці ў сыстэму, калі зарэгістраваліся загадзя. Пасьля ўваходу карыстальнікам прапануюць купіць квіток або ўвесьці промакод. Уводзьце промакод фэстывалю «fest1084» — і прыемнага прагляду!

Таксама арганізатары паведамілі, як глядзець кіно, калі вы не ў Беларусі:
У разьдзеле «Беларусь: онлайн» выбірайце фільм і націскайце кнопку «Глядзець». Вас перанакіруе на плятформу онлайн-кінатэатра Takflix.
Пасьля ўваходу карыстальнікам прапануюць купіць квіток, яго трэба аплаціць — і прыемнага прагляду!

Усяго ў праграме фэстывалю 21 фільм.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG