Яны просяць канцлера праявіць актыўнасьць і падтрымаць Марыю Калесьнікаву канкрэтнымі мерамі:
- патрабаваць доступу да Марыі групы нямецкіх лекараў у прысутнасьці амбасадара Нямеччыны;
- патрабаваць падтрымкі тэрапіі нямецкімі лекарамі;
- патрабаваць права на наведваньне для бацькі і адваката;
- патрабаваць знаходжаньня ў цывільным шпіталі да поўнага выздараўленьня Марыі;
- патрабаваць вызваленьня Марыі і ўсіх несправядліва зьняволеных у Беларусі людзей.
Адкрыты ліст апублікаваны на сайце freemaria.de.
Цяпер аўтары звароту вядуць кампанію па інфармаваньні палітыкаў, мэдыйных і грамадзкіх дзеячаў для збору подпісаў.
- 29 лістапада стала вядома, што Марыю Калесьнікаву даставілі з калёніі ў цяжкім стане ў шпіталь хуткай дапамогі ў Гомелі. Марыю праапэравалі, у шпіталі яна застаецца як найменш да панядзелка. Аднак аўтары адкрытага ліста падкрэсьліваюць, што небясьпека здароўю і жыцьцю Марыі не мінула.
- Пасьля таго, як стала вядома пра шпіталізацыю, Эўрапейскі зьвяз запатрабаваў, каб беларускі рэжым неадкладна вызваліў з-пад варты Марыю Калесьнікаву і забясьпечыў ёй тэрміновае і належнае лячэньне. А Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што «рэжым у Беларусі нясе поўную адказнасьць за здароўе і стан Марыі Калесьнікавай і 1440 іншых палітзьняволеных» і што «вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасьці».
Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.