Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перасьлед адвакатуры ў Беларусі: шасьцёра адвакатаў — палітвязьні, 70 пазбавілі ліцэнзій


Зьняволеныя беларускія адвакаты Віталь Брагінец, Аляксандар Данілевіч, Анастасія Лазарэнка, Міхаіл Макараў, Юлія Юргілевіч, Максім Знак
Зьняволеныя беларускія адвакаты Віталь Брагінец, Аляксандар Данілевіч, Анастасія Лазарэнка, Міхаіл Макараў, Юлія Юргілевіч, Максім Знак

Яшчэ каля 250 адвакатаў самі прынялі рашэньне пакінуць адвакатуру пасьля падзеяў 2020 году.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прывёў хроніку перасьледу адвакатаў і палітзьняволеных абаронцаў. Самы гучны выпадак перасьледу адваката ў Беларусі — гэта гісторыя палітзьняволенага Максіма Знака, якога затрымалі ў «справе Каардынацыйнай рады» 9 верасьня 2020 году з Марыяй Калесьнікавай і ейным адвакатам Ільлём Салеем. Салей пасьля месяца ў СІЗА выйшаў на волю і выехаў за мяжу, Знак атрымаў 10 гадоў, а Калесьнікава 11 гадоў турмы.

У верасьні 2020 году ў Менску затрымлівалі яшчэ адну адвакатку Марыі Калесьнікавай — Людмілу Казак. Пасьля ночы ў ІЧУ ёй прызначылі штраф за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі ў памеры 25 базавых велічыняў (675 рублёў), хаця адвакатку фактычна выкралі на вуліцы трое мужчын на вуліцы. У 2021 годзе адвакаты Знак і Казак сталі ляўрэатамі прэстыжнай прэміі Lawyers for Lawyers.

Масавы перасьлед адвакатаў у адміністрацыйных і крымінальных справах пачаўся ў 2022 годзе. Супраць адвакатаў заводзяць крымінальныя справы за «зьліў дадзеных сілавікоў» паводле арт. 130 КК («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»), за ўдзел у маршах паводле арт. 342 КК («актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»), за «заклікі да санкцый» паводле арт. 361 КК, за «сайдзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле арт. 361-4 КК, за «выдаваньне дадзеных» паводле арт. 407 КК.

20 траўня 2022 году ў межах крымінальнай справы затрымалі адваката Аляксандра Данілевіча. Пэўны час сутнасьць справы не была вядомая, аднак пазьней высьветлілася, што Данілевіча абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»). Незадоўга да затрыманьня Данілевіч падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў, якія асуджалі вайну Расеі супраць Украіны.

Праз тры дні пасьля затрыманьня Данілевіча — 23 траўня — затрымалі адваката Віталя Брагінца. Ён таксама абараняў старшыню Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Яго спачатку двойчы запар арыштавалі на 15 сутак, а потым затрымалі ў крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

Даты судоў над Данілевічам і Брагінцом яшчэ не прызначылі.

Адвакатку Анастасію Лазарэнку затрымалі 2 чэрвеня. Сілавікі прыехалі да жанчыны з аўтаматамі і ў бронекамізэльках, залезьлі ў вокны і выламалі дзьверы. Супраць яе пачалі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК за «перадачу дадзеных сілавікоў і судзьдзяў у тэлеграм-каналы». Ужо шосты месяц яе ўтрымліваюць у СІЗА на Валадарскага.

30 жніўня па вяртаньні ў Беларусь з Польшчы затрымалі горадзенскую адвакатку Юлію Юргілевіч. Яна працавала адвакаткай амаль 18 гадоў і абараняла ў судзе палітвязьняў мастака Алеся Пушкіна, студэнта Арцёма Баярскага, музыку Ігара Банцэра, сына сьвятара Андрэя Аўсіевіча. Юрыстку ўтрымліваюць пад вартай у горадзенскай турме. Паводле папярэдняй інфармацыі, Юргілевіч вінавацяць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК).

Міхаіл Макараў, Анастасія Сагановіч, Вікторыя Гулькова былі затрыманыя сёлета 13 верасьня. Праўладныя каналы пісалі, што Міхаіл і Анастасія нібыта перадавалі «экстрэмісцкім» тэлеграм-каналам пэрсанальныя дадзеныя супрацоўнікаў ГУБАЗіКу, СК, пракуратуры і судзьдзяў. Затрыманьне адвакатаў зьвязвалі з абаронай палітвязьняў у «справе „Рэвалюцыйнага дзеяньня“», хаця Сагановіч не працавала ў гэтай справе. Траіх адвакатаў арыштавалі на 15 сутак, пасьля 15-дзённага арышту Сагановіч адпусьцілі на волю, падрабязнасьці пра яе статус невядомыя. Гулькову яшчэ раз пераарыштоўвалі, але цяпер яна на волі.

А вось Макараву пасьля адміністрацыйнага арышту выставілі абвінавачаньне і перавялі ў СІЗА-1, дзе ён знаходзіцца ўжо амаль два месяцы. Па папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуецца арт. 342 КК («актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Паводле інфармацыі праекту «Права на абарону», з пачатку 2020 году па верасень 2022 году ня менш як 70 адвакатаў пазбавілі статусу ў выніку працэдуры чарговай або пазачарговай атэстацыі. Сярод іх вядомыя адвакаты, якія выступалі ў гучных справах супраць палітвязьняў: Натальля Мацкевіч, Дзьмітры Лаеўскі, Аляксандар Пыльчанка, Сяргей Зікрацкі, Антон Гашынскі, Яўген Маслаў, Марыя Колесава-Гудзіліна, Аляксей Дравіца, Максім Конанаў, Яўген Пыльчанка і іншыя.

Яшчэ адна форма ціску на адвакатаў — запіс іх у «экстрэмісты». 9 верасьня 2022 года МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» Telegram-чат «Беларускiя Адвакаты» (да 19 лістапада 2020 году — «Самые настоящие адвокаты»). Цяпер гэтая суполка афіцыйна забаронена, а ўдзел у чаце можа пацягнуць крымінальную адказнасьць.

Што перасьлед адвакатаў нясе беларусам?

Юрыст «Вясны» Павал Сапелка, які ў траўні 2011 году таксама быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі за абарону тагачаснага кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, адзначае, што перасьлед адвакатаў адаб’ецца на ўсіх грамадзянах:

«Пра самыя відавочныя наступствы гаворыцца шмат — гэта разбурэньне інстытуту сапраўднай адвакатуры. Гэта здаецца, што ў першую чаргу адбіваецца на саміх адвакатах. Аднак не, галоўная мэта — гэта мы, грамадзяне, якія страчваем свае гарантаваныя правы. Мы даведаемся пра гэта не адразу, а тады, калі спатрэбіцца добры прафэсіянал-юрыст, які свабодна і без усялякага ціску ажыцьцяўляе свае правы і абараняе правы кліента. І тады стане зразумела, што адвакатура цяпер — гэта ня самае прывабнае месца для высокапрафэсійных юрыстаў, а сумленнае выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў для многіх адвакатаў стала прамой дарогай да пазбаўленьня статусу.

Таму тым, хто застаўся, прасьцей фармальна прысутнічаць пры кліенце, ня ўвязваючыся ў працэсуальныя канфлікты, назіраючы за пацьвярджэньнем сваіх высноваў — чарговымі выпадкамі пазбаўленьня ліцэнзій або выключэньнем з калегій тых, хто захаваў сумленьне і прафэсійны гонар».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG