Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бургер Кінг», «Lido», «Васількі». Каму належаць папулярныя сеткі кавярняў у Беларусі і што ў іх беларускага


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Зь Беларусі сьпярша вырашыў сысьці, а пасьля перадумаў McDonald’s. Глядзім, якія сеткі харчаваньня яшчэ ёсьць у Беларусі і што ў іх беларускага.

Уладальнікі франшызы McDonald’s у Беларусі заявілі, што з 22 лістапада сетка хуткага харчаваньня будзе працаваць пад расейскім брэндам «Вкусно и точка». Аднак пакуль гэтага не адбылося. 24 лістапада выданьне «Наша Ніва» заявіла, што франшызу забараніў мяняць асабіста Лукашэнка.

Дагэтуль ён казаў, што «мы мусім самі рабіць тое, што рабіў McDonald’s», і абураўся: «Мы што, булку папалам разрэзаць не можам?». Глядзім, ці ёсьць у Беларусі свае сеткі харчаваньня.

Lido

Цяпер у Менску працуюць тры рэстараны пад брэндам «Лідо» пад адрасамі: пр. Незалежнасьці, 49, вул. Кульман, 5А, вул. Няміга, 5. Першы адкрыўся ў 2004 годзе. Гэты брэнд — латвійская франшыза з радзімай у Рызе. Заснавальнік сеткі Гунарс Кірсанс. Працаваць у Латвіі брэнд пачаў з 1987 году, цяперашнюю назву атрымаў у 1991 годзе. У Латвіі пад гэтым брэндам функцыянуюць 19 рэстаранаў, яны ёсьць у іншых эўрапейскіх гарадах.

А ў Беларусі сетка належыць Упраўленьню справамі прэзыдэнта.

«Васількі»

Гэтая сетка рэстаранаў нацыянальнай кухні пачала адкрывацца ў Менску ў 2010 годзе. Цяпер у сталіцы працуюць тры рэстараны пад такім брэндам пад адрасамі: пр. Незалежнасьці, 89, пр. Пераможцаў, 9, вул. Бабруйская, 6.

За «Васількамі» стаіць кампанія «Лібрэцік», суўладальнік і дырэктар якой — Вадзім Аванесаў («Суседзі», «ПіццаТэмпо»). Таксама сярод суўладальнікаў гэтых брэндаў літоўская бізнэсвумэн Алма Яўнцэмене. Дарэчы, у 2012 годзе яна ўваходзіла ў топ-10 бізнэсвумэн Беларусі, а ў 2018 годзе — у топ-500 найбагацейшых людзей Літвы. Таксама яна суўладальніца сеткі рэстаранаў паназіяцкай кухні Marumi.

«Піцца Тэмпо»

Найбуйнейшая сетка піцэрыяў у Беларусі сёньня мае 24 піцэрыі ў Менску, Горадні, Гомлі, Магілёве, Маладэчне, Мазыры. Гэтая сетка зьявілася ў Беларусі ў 2002 годзе і з таго часу працягвала расьці.

За сеткай стаіць тая ж «ЛібрэцікГруп», суўладальніца якой — Алма Яўнцэмене.

«Бургер Кінг»

Першы «Бургер Кінг» адкрыўся ў Менску ў 2015 годзе каля станцыі мэтро «Каменная Горка». Цяпер іх у Беларусі два дзясяткі. Агулам цяпер у Беларусі 32 рэстараны сеткі ў розных гарадах. Гэта франшыза амэрыканскай сеткі, якая пачала сваю гісторыю ў Флорыдзе ў 1954 годзе.

Уладальнік франшызы ў Беларусі «Бургер БК».

KFC

Першы рэстаран гэтага брэнду адкрыўся ў Беларусі ў 2015 годзе, цяпер сетка налічвае паўсотні рэстаранаў, зь іх 35 у Менску.

KFC — гэта падразьдзяленьне кампаніі Yum! Brands, Inc. (NYSE: YUM) — міжнародны рэстаранны брэнд з каранямі ў ЗША. Уладальнік франшызы ў Беларусі — кампанія «Бел Фуд Сервіс».

«Мама Дома»

Сетка рэстаранаў на фудкортах, цяпер у Менску іх 5, а таксама па адным у Гомлі і Магілёве. Адрозна ад іншых брэндаў, гэта беларуская сетка, а ўладальнік — журналіст Дзяніс Кур’ян.

«Папа Джонс»

Сетка піцэрыяў з 21 рэстарану. Сышла зь Беларусі 1 верасьня 2022 году. Уладальнік сеткі — Яўген Студэнт. «Папа Джонс» — міжнародны брэнд, заснавальнік кампаніі амэрыканец Джон Шатэр, а карані ў амэрыканскім штаце Індыяна.

«Хутка-смачна»

Гэтых кіёскаў са «златкамі» і «хадунамі» у Беларусі больш няма, апошні кіёск прыбралі зь Нямігі ў 2021 годзе. А пачалі яны ўзьнікаць у сталіцы ў 1992 годзе, і стаяла за гэтым нямецка-беларуская кампанія "Эберт-Нарпіт«(зьліквідаваная ў 2006 годзе).

У 2001 годзе ў сталіцы было 45 кіёскаў «Хутка-смачна». Валодаў кіёскамі бізнэсовец Канстанцін Туровіч.

У 2015 годзе Менгарвыканкам закрыў шэсьць установаў «Хутка-смачна» за парушэньні. Да лютага 2017 году засталося толькі два кіёскі «Хутка-смачна», на месцы некаторых зь іх адкрыліся шапікі з шаўрмой.

А летась у красавіку апошні кіёск прыбралі зь Нямігі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG