Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кубракоў заклеймаваў украінскіх тэлефонных махляроў, а таксама беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне


Call-центар, ілюстрацыйнае фота
Call-центар, ілюстрацыйнае фота

Міністар унутраных справаў Іван Кубракоў заявіў, што за хваляй тэлефонных махлярстваў у Беларусі стаіць Украіна. Паводле яго, практычна ў кожным абласным цэнтры Ўкраіны месьціцца сама меней сто call-цэнтраў, якія падманваюць беларусаў.

«Маштабы падману вялізныя. Нанесеная шкода злачынствамі гэтай катэгорыі махлярства толькі сёлета — 4,5 мільёна даляраў ЗША. Гэта на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь такой колькасьцю грошай завалодалі ашуканцы, якія знаходзяцца ва Ўкраіне», — сказаў Кубракоў на тэлеканале ОНТ.

Кубракоў заявіў, што яшчэ да пачатку вайны беларускія ўлады накіравалі ва Ўкраіну больш за 100 запытаў з канкрэтнымі зьвесткамі людзей, якія чыняць гэтыя махлярствы, але адказу на іх не атрымалі.

Раней Іван Кубракоў расказваў, што калі падчас вайны на тэрыторыі Ўкраіны «зьнікае электрычнасьць і ёсьць нейкія пытаньні з інтэрнэтам, на тэрыторыю Беларусі не паступае ніводнага званка».

  • Тэлефоннае махлярства — інтэрнацыянальная зьява. Застрахавацца ад яе ня можа практычна ніводная дзяржава, жыхары якой актыўна карыстаюцца сучаснымі гаджэтамі, атрымліваючы большасьць фінансавых і іншых паслуг онлайн. Год таму тэлефонныя ашуканцы зьнялі грошы з банкаўскіх картак Лізаветы Пясковай, дачкі прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова. Аб гэтым ён сам расказаў падчас свайго выступу на маратоне «Знание».

«Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны — здраднікі Радзімы»

Іван Кубракоў заявіў, што ўстаноўлена 160 беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны, але гэта «ўмоўная лічба».

«Але шмат іх ці мала? Тое, што людзі здрадзілі сваёй Радзіме, колькі б іх ні было, гэта ўсё роўна дрэнна. Асабліва тыя людзі, якія здрадзілі сваёй Радзіме і гінуць на чужыне, хоць Украіна нам, зразумела, краіна родная... Але гінуць менавіта праводзячы гэтую фашысцкую ідэалёгію на тэрыторыі іншай краіны, падтрымліваючы гэтую фашысцкую ідэалёгію, гэта вельмі дрэнна», — заявіў Кубракоў.

Паводле яго, высьвятляюць асобы ня толькі добраахвотнікаў, але і тых, «хто спрабуе быць пасьлядоўнікамі».

«Мы апэратыўным шляхам выходзім на тых людзей, якія ўдакладняюць у інтэрнэце, як трапіць на тэрыторыю Ўкраіны, як узяць удзел у гэтых баявых дзеяньнях. Мы гэтых людзей знаходзім, прыцягваем да адказнасьці, недзе проста праводзім прафіляктычную гутарку», — дадаў кіраўнік МУС.

  • Улады рэгулярна паведамляюць аб затрыманьні і судах над тымі, хто хацеў адправіцца ва Ўкраіну добраахвотнікам. Толькі ў гэтым месяцы суд у Менску прысудзіў 4 гады калёніі агульнага рэжыму 20-гадоваму мастаку Андрэю Раптуновічу за намер ваяваць ва Ўкраіне.
  • Паводле беларускага заканадаўства, несанкцыянаваны ўладамі Беларусі ўдзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі іншай дзяржавы лічыцца найміцтвам, калі прысутнічае матэрыяльная выгада, і караецца пазбаўленьнем волі. Ад 2014 году ў Беларусі прайшлі некалькі судоў — як над тымі, хто ваяваў на баку Ўкраіны, так і над тымі, што на баку «ДНР-ЛНР». Але ад пачатку вайны размоваў пра найміцтва ў дачыненьні да тых добраахвотнікаў зь Беларусі, хто ваюе за Расею, больш не вядзецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG