Выступаючы перад групай прыхільнікаў у сваёй рэзыдэнцыі ў Флорыдзе, Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты знаходзяцца «ў жудасным стане», і ўсклаў віну за гэта на прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і дэмакратаў. Ён падкрэсьліў, што ў гады яго прэзыдэнцтва ў сьвеце было больш стабільнасьці, і калі б ён быў ва ўладзе, то «не было б вайны ва Ўкраіне». «Вяртаньне Амэрыкі пачынаецца цяпер», — заявіў Трамп.
Пасьля чатырохгадовага знаходжаньня ў Белым доме Дональд Трамп прайграў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году дэмакрату Джо Байдэну, і гэты пройгрыш ён працягвае аспрэчваць у публічных заявах.
Вылучэньне Трампам сваёй кандыдатуры празь лічаныя дні пасьля параўнальна няўдалых для Рэспубліканскай партыі прамежкавых выбараў у Кангрэс ня выклікала прыкметнага энтузіязму ў вядомых рэспубліканцаў. Партыі, насуперак прагнозам, удалося дасягнуць толькі мінімальнай большасьці ў Палаце прадстаўнікоў, яна страціла адно месца ў Сэнаце, і Трамп актыўна падтрымліваў многіх з кандыдатаў-рэспубліканцаў, якія прайгралі.
У Трампа ёсьць канкурэнты на намінацыю
Былы віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс заявіў напярэдадні, што ў рэспубліканцаў «ёсьць лепшы выбар, чым Трамп». Некалькі вядомых рэспубліканцаў крытыкуюць Трампа за беспрэцэдэнтна раньні пачатак прэзыдэнцкай гонкі, які адцягне ўвагу партыі ад заканатворчай працы ў Кангрэсе. Аднак падтрымка Трампа сярод рэспубліканцаў застаецца высокай. Да яго станоўча ставяцца 80 працэнтаў зарэгістраваных рэспубліканцаў, што толькі на 11 працэнтаў менш, чым у дзень выбараў у 2020 годзе.
«Ён падвёў Амэрыку», — напісаў на сваёй старонцы ў Твітэры прэзыдэнт Байдэн, зьмясьціўшы відэакліп з крытыкай палітычнай спадчыны Трампа.
У 2024 годзе ў Трампа могуць быць моцныя супернікі на першасных выбарах у барацьбе за намінацыю ад Рэспубліканскай партыі. Яго галоўным канкурэнтам можа стаць губэрнатар Флорыды Рон Дэсантыс, які пасьля пераканаўчай перамогі на губэрнатарскіх выбарах у Флорыдзе, як лічыцца, разглядае вылучэньне сваёй кандыдатуры ў прэзыдэнты. Яшчэ адным канкурэнтам Трампа можа стаць папулярны рэспубліканскі губэрнатар Вірджыніі Глен Янгкін. Трамп ужо выступіў з нэгатыўнымі заявамі пра абодвух губэрнатараў.
Непрадказальным фактарам у гэтых выбарах могуць стаць тры расьсьледаваньні дзеяньняў Трампа, два зь якіх вядзе фэдэральная пракуратура, адно — пракуратура ў Джорджыі. Фэдэральная пракуратура расьсьледуе патэнцыйна незаконнае захоўваньне Трампам прэзыдэнцкіх дакумэнтаў і яго магчымае дачыненьне да дзеяньняў яго прыхільнікаў, якія ўварваліся ў будынак Кангрэсу 6 студзеня 2021 году, каб спыніць сэртыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. У Джорджыі пракуратура расьсьледуе спробы Трампа зьмяніць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў гэтым штаце. Невядома, ці завершацца гэтыя расьсьледаваньні выстаўленьнем абвінавачаньняў.
Толькі адзін прэзыдэнт у гісторыі ЗША, Гровэр Кліўленд, быў абраны на другі прэзыдэнцкі тэрмін пасьля чатырохгадовага перапынку. Гэта адбылося ў 1893 годзе.